
Нiчым? Даруйце. Нагадвалi - i сама галоўным! Планета была населеная. Мы праляталi над горадам, i досыць вялiкiм, ад якога ва ўсе бакi разбягалiся дарогi з дрэвамi абапал, а па самiх дарогах неслiся аўтамабiлi. Мне ўдалося ахапiць позiркам агульны план горада. Шырокiя вулiцы. Вялiкiя белыя дамы з прастакутнымi мурамi.
Але нам прыйшлося "прызямлiцца" ўдалечынi ад гэтага месца. Спачатку мы ляцелi над уробленымi палямi, пасля над густым, трохi рудаватым лесам, падобным на нашы экватарыяльныя джунглi. Мы ляцелi ўжо нiзка. Пад намi з'явiлiся плато з даволi вялiкiмi палянамi, вакол плато распасцiралася перасечаная мясцовасць. Прафесар вырашыў нарэшце рызыкнуць i задаў прыборам новую, апошнюю праграму. Запрацавалi ракеты тармажэння. На некалькi iмгненняў катэр замёр над палянаю, нiбыта чайка, якая цiкуе здабычу.
А потым, праз два гады пасля таго, як мы пакiнулi Зямлю, наш катэр пацiхеньку знiзiўся i без адзiнага штуршка апусцiўся на сярэдзiну плато, зялёная трава якога нагадала мне нашыя нармандскiя раўнiны.
Раздзел IV
Апусцiўшыся, мы досыць доўга сядзелi моўчкi i нерухома. Гэта, магчыма, дзiўна, але нам трэба было сабрацца з сiламi. Мы пайшлi на справу, у тысячу разоў больш незвычайную, чым падарожжы сама першых зямных мараходаў, i трэба было падрыхтавацца як след да сустрэчы з рознымi нечаканасцямi, пра якiя з пакалення ў пакаленне марылi паэты, што апявалi мiжзорныя пералёты.
Неверагодна, але мы адразу ж трапiлi на планету, на якой былi, як i ў нас, i акiяны, i горы, i лясы, i палi, i гарады, i, натуральна, iх жыхары. Аднак, улiчваючы, што, перш чым апусцiцца, наш катэр праляцеў над джунглямi вялiкую адлегласць, можна было меркаваць, што цяпер мы далёка ад цывiлiзаваных раёнаў.
Нарэшце мы вырашылi дзейнiчаць. Надзеўшы скафандры, асцярожна прыадчынiлi iлюмiнатар. Нiводнага подыху ветру. Памiж унутраным i знешнiм атмасферным цiскам - анiякае рознiцы! Вакол паляны быццам мурамi якойсьцi крэпасцi ўзвышаўся густы лес, нерухомы, маўклiвы - нiшто не парушала поўнага спакою, якi тут панаваў. Было дужа горача, але можна было цярпець: каля дваццацi пяцi градусаў па Цэльсiю.
