
- Напэўна, вада, - прамармытаў Антэль.
Ён нахiлiўся ўперад, каб яшчэ раз апусцiць руку ў возера, i раптам бы скамянеў. Пасля ўскрыкнуў i паказаў пальцам на след на пяску. Большага ўзрушэння я, здаецца, не адчуваў нiколi! Над нашымi галовамi палала агромнiстая Бетэльгейзе, а на вузкiм лапiку сырога пяску абсалютна выразна вымалёўваўся след чалавечай нагi.
Раздзел V
- След жаночай нагi, - пераканана сказаў Артур Левэн.
Такая рашучая заява дрыготкiм ад хвалявання голасам не здзiвiла мяне анi. Вытанчанасць i незвычайная прыгажосць адбiтку на пяску кiдалiся ў вочы. У тым, што гэта след чалавечай нагi, не было нiякiх сумненняў. Мажлiва, тут прайшоў юнак або мужчына маленькага росту, але куды больш пэўна можна было сказаць, што след належыць якойсьцi прыгажунi.
- Значыцца, Сарора населена людзьмi, - прамармытаў прафесар.
У ягоным голасе прагучала вельмi непрыемная мне нотка расчаравання. Антэль прывычна пацiснуў плячыма i стаў аглядапь разам з намi пясчаны бераг возера. Мы знайшлi яшчэ колькi слядоў той самай iстоты. Неўзабаве Левэн знайшоў за некалькi метраў ад берага яшчэ адзiн след - ужо на сухiм пяску, але таксама вiльготны.
- Яна была тут сама больш хвiлiн пяць назад! - сказаў Левэн. - Купалася тут, пачула нашы галасы i ўцякла.
Мы ўсе былi перакананыя, што след належыць жанчыне. Затаiўшы дыханне, пачалi ўзiрацца ў лясны гушчар, але там нiводзiн сучок не трэснуў.
- У нас яшчэ будзе час пазнаёмiцца, - сказаў Антэль, зноў пацiснуўшы плячыма. - Але калi тут купаўся чалавек, значыцца, i мы можам асвяжыцца, нiчога не баючыся.
Шаноўны прафесар умомант скiнуў з сябе адзежу i адразу ж палез у возера. Услед за iм адважыўся i я. Пасля доўгага пералёту вада здалася нам такой свежай, такой прыемнай, што, зайшоўшы ў яе, мы адразу ж забылiся на сваё адкрыццё. Толькi Левэн задумаўся аб нечым i стаяў на месцы бы ўкапаны, усё роўна як i не з намi ён быў, а дзесьцi зусiм далёка адсюль. Я ўжо хацеў падражнiць яго, як раптам убачыў уверсе, над вадаспадам, жанчыну!
