
Нiколi не забуду гэтага вiдовiшча. Ад казачнай прыгажосцi дзяўчыны, якая раптам з'явiлася перад намi пад вогненна-чырвонымi промнямi Бетэльгейзе, у мяне заняло дух. Дальбог, у зiхоткай вясёлцы пырскаў гэтая дачка Сароры была падобная на багiню. Зусiм голая, яна не таiла сваёй спакуслiвай прыгажосцi, такой кiдкай у неверагодна моцным святле Бетэльгейзе, - за адзiныя строi былi ў яе доўгiя, да пояса валасы. I хоць за два гады мы адвыклi ад жанчын i нам не было з кiм параўнаць гэтую нiмфу, нiхто з нас, апiсваючы дзяўчыну, не змог бы перабольшыць яе прыгажосцi. Незнаёмая, што нерухома, бы статуя на п'едэстале, замерла на скале, мела сама iдэальную фiгуру, якую толькi мог уявiць сабе зямлянiн. Зачараваныя, мы з Левэнам нават уздыхнуць баялiся. Прафесар Антэль i той, як мне здалося, застыў уражаны.
Дзяўчына стаяла, падаўшыся наперад, з трохi адведзенымi назад рукамi, быццам ныральшчыца, гатовая кiнуцца ў ваду. Яна назiрала за намi i была збянтэжаная не менш за нас. Я быў такi ўсхваляваны, што нават не ўбачыў, якi ў яе твар, хоць i досыць доўга ўзiраўся ў яе, - гэтак загiпнатызавала мяне яе дзiўнае цела. Толькi праз якую хвiлiну я адзначыў сам сабе, што яна белая скура ў яе была хутчэй залацiстая, чым смуглявая, - даволi высокая, але не занадта. Пасля разгледзеў бездакорныя рысы чыстага твару, якi можа хiба што прыснiцца. I ўрэшце стаў узiрацца ў вочы.
Тут я ажно ўздрыгнуў, такi нязвыклы для майго зямнога зроку быў у дзяўчыны позiрк. Што ж, жыхарка такога далёкага свету павiнна была хоць чымсьцi адрознiвацца ад нас. Але што ў яе вачах было не так, як у нас, я пакуль што, як нi намагаўся, вызначыць не мог. Адчуваў толькi, што позiркi нашыя зусiм розныя. I не ў колеры яе вачэй была прычына такога ўражання, хоць iх шэры колер i меў даволi рэдкае на Зямлi адценне. Дзiўны быў выраз гэтых вачэй, дакладней, адсутнасць выразу: яны былi зусiм пустыя i нагадвалi мне вочы адной няшчаснай вар'яткi, якую давялося некалi сустрэць.
