
Усё здарылася iмгненна. Калi Гектар, не зважаючы на дзяўчыну, параўняўся з ёю, тая выпрасталася, быццам спружына, i, скокнуўшы да яго, сашчапiла на шыi ў шымпанзэ рукi, а нагамi, бы цiскамi, абхапiла ягонае цельца, так што ён i паварушыцца не мог. Напад быў такi раптоўны, што мы не паспелi ўмяшацца. Гектар слаба тузануўся i застыў. Праз некалькi секунд дзяўчына адкiнула яго ён быў ужо мёртвы. Гэтая боскай прыгажосцi iстота - у рамантычным парыве я назваў дзяўчыну раней пра сябе Нова, бо з'яўленне яе перад намi можна было параўнаць хiба што з узыходжаннем зоркi на небе - узяла дый задушыла нi з таго нi з сяго бяскрыўднага ручнога звярка.
Калi мы нарэшце аправiлiся ад шоку i кiнулiся Гектару на дапамогу, было ўжо позна. Дзяўчына павярнулася да нас i зноў выцягнула рукi, быццам збiралася ўчапiцца цяпер ужо ў нас. Верхняя губа ў яе прыўзнялася, ашчэрылiся зубы. Выгляд у дзяўчыны быў такi люты, што мы замерлi на месцы. Потым яна гучна i працяжна цi то крыкнула, цi то ўзвыла - гук гэты можна было прыняць за кароткую песню перамогi цi папярэджанне, - i кiнулася ў гушчар. Праз iмгненне яе залацiстаскурае цела, мiльгануўшы апошнi раз памiж кустоў, схавалася ў зараснiку, i мы зноў засталiся адны сярод маўклiвага лесу.
Раздзел VI
- Гэта дзiкунка, - сказаў я нарэшце. - Можа, яна з якога-небудзь адсталага племенi накшталт тых, што знаходзяць яшчэ ў Новай Гвiнеi цi ў лясах Афрыкi?
Зрэшты, я сказаў гэта без асаблiвай упэўненасцi. I Артур Левэн адразу ж асадзiў мяне.
- У якiх гэта прымiтыўных плямёнаў бачыў ты такую дасканаласць формаў i гарманiчнасць рухаў? - спытаўся ён ледзь не са злосцю.
Я не знайшоў што i адказаць: Левэн сто разоў меў рацыю.
Прафесар Антэль хоць i быў цяпер надзвычай задуменны, але пачуў усё ж такi нашую размову.
- Нават у сама прымiтыўных нашых плямёнаў ёсць мова, - заўважыў ён. - А гэтая дзiвачка не ведае нiводнага слова.
