Нашы водныя забавы працягвалiся досыць доўга, мы ўжо трохi стамiлiся, калi мяне раптам збянтэжыў дзiўны, недарэчны ў гэтай сiтуацыi выраз твару ў дзяўчыны: ён быў абсалютна сур'ёзны. Незнаёмая з вiдавочным задавальненнем плюхалася з намi, забаўляючыся прапанаванай ёю самою гульнёй, аднак на твары ў яе так i не прамiльгнула ўсмешка. Вось ужо некалькi хвiлiн мне не давала спакою нейкае цяжкае цьмянае пачуццё, i толькi цяпер я зразумеў, што турбавала мяне: дзяўчына не смяялася i не ўсмiхалася, хiба што час ад часу з яе горла вырываўся нягучны вiск, якiм яна, мусiць, перадавала сваё захапленне.

Я вырашыў зрабiць дослед. Калi дзяўчына наблiзiлася да мяне, я паглядзеў ёй у самыя вочы i, пакуль яна не паспела павярнуць назад, шырока ўсмiхнуўся з усёй пяшчотаю i зычлiвасцю, на якiя толькi быў здольны.

Вынiк быў неверагодны. Дзяўчына спынiлася, устала нагамi на дно - у гэтым месцы вада даходзiла ёй да пояса - i выставiла наперад скурчаныя пальцы з доўгiмi пазногцямi. Яна баранiлася ад мяне! Потым адскочыла i кiнулася на бераг. Там яна азiрнулася i зноў застыла, як i на версе абрыву, насцярожана паглядваючы на мяне, бы звярок, якi адчуў небяспеку. Магчыма, яна зноў даверылася б нам, бо, умомант сагнаўшы з твару ўсмешку, я зноў пачаў плаваць туды i назад з сама нявiнным выглядам. Але тут дзяўчыну яшчэ мацней за маю ўсмешку ўстрывожыла новае здарэнне: спачатку мы пачулi ў лясным гушчары нейкi шум, а потым перад намi з'явiўся наш сябар Гектар. Пераскокваючы з галiны на галiну, ён спусцiўся на зямлю i зачыкiльгаў да возера, радуючыся гаспадарам. I тут твар у дзяўчыны скрывiўся ў звярынай грымасе лютасцi i проста неверагоднага жаху! Яна ўся сцiснулася, лiтаральна злiўшыся з каменнем, мускулы яе напружылiся, ногi падагнулiся, быццам для скачка, а пальцы скурчылiся, нiбыта яна выпусцiла кiпцюры. I ўсё гэта з-за маленькай смешнай малпы, якая спяшалася развесялiць нас сваiм крыўляннем!



18 из 145