Паступова вакол нас пачалi з'яўляцца ўсё новыя i новыя людзi. Мы напусцiлi на сябе абыякавы выгляд. Людзi выходзiлi з лесу i наблiжалiся да возера з усiх бакоў, акружаючы нас. Усе яны, мужчыны i жанчыны, статныя, залацiстаскурыя, былi вельмi прыгожыя. Яны ўзбуджана жэстыкулявалi, зрэдку коратка ўскрыкваючы.

Кола сарорцаў самкнулася, i нас ахапiла трывога: эпiзод з Гектарам мiжволi насцярожыў. Аднак у паводзiнах людзей не было анiчога пагрозлiвага: мусiбыць, iх усяго толькi, гэтаксама ж як i Нову, цiкавiлi нашыя гульнi ў вадзе.

Так яно i было! Неўзабаве Нова, якую я ўжо лiчыў нашай старой знаёмаю, кiнулася ў возера, а за ёй пасля больш-менш доўгiх ваганняў i ўсе астатнiя. Мы распачалi нашыя ўчарашнiя забавы, ганяючыся адзiн за адным, быццам цюленi. Рознiца была толькi ў тым, што сёння вакол нас плюхалiся i фыркалi прынамсi два дзесяткi дзiўных iстот, чые сур'ёзныя твары надта ўжо не стасавалiся да iх дзiцячых паводзiн.

Прайшло хвiлiн пятнаццаць, i мяне агарнула стома. Няўжо мы iмкнулiся да такой далёкай Бетэльгейзе дзеля такiх вось дзiцячых забаў? Мне стала сорамна за сябе. Я засмучана пазiраў на нашага мудраца Антэля, якi аддаваўся гэтай наiўнай гульнi з вiдавочным задавальненнем. Але што нам, зрэшты, заставалася яшчэ рабiць? Наўрад цi хто можа ўявiць, як цяжка наладзiць кантакт з iстотамi, якiя не ўмеюць нi гаварыць, нi нават усмiхацца. Аднак я спрабаваў дамагчыся iх разумення. Пачаў жэстыкуляваць, стараючыся ўкласцi ў кожны жэст пэўнае значэнне. З сама зычлiвым выглядам, на якi толькi быў здольны, складваў рукi на грудзях. Кланяўся "па-кiтайску". Пасылаў паветраныя пацалункi. Але ўсе мае руплiвыя спробы не мелi нiякага поспеху. У вачах у сарорцаў не запалiлася анiводнай iскаркi разумення.



21 из 145