
Калi мы абмяркоўвалi ў час пералёту магчымасць сустрэчы з невядомымi iстотамi, то якiх толькi стварэнняў сабе не ўяўлялi, нават пачвар, зусiм непадобных на нас, але заўсёды былi ўпэўненыя, што стварэннi гэтыя абавязкова маюць розум. А тут усё было якраз наадварот: мы натрапiлi на людзей, абсалютна iдэнтычных нам фiзiчна, але, выяўлялася, зусiм без прыкмет розуму. Як iнакш можна было растлумачыць неверагодна пустыя позiркi Новы i яе супляменнiкаў: поўная адсутнасць свядомасцi, думкi, душы...
Iх цiкавiла толькi гульня. Да таго ж, гульня сама бязглуздая! Надумаўшы трохi яе ўскладнiць - толькi крышачку, каб не спудзiць сарорцаў, - мы стварылi кола i, стоячы па пояс у вадзе, завялi нешта накшталт карагода: пачалi падымаць i апускаць рукi, як гэта робяць маленькiя дзецi. Але выдумка наша нiкога не захапiла. Большасць дзiкуноў адплылася далей, а тыя нямногiя, што засталiся, утаропiлiся на нас такiм безнадзейна пустым позiркам, што, разгубiўшыся, мы бяссiльна здранцвелi.
Збянтэжанасць наша ледзь не прывяла да катастрофы. Калi нарэшце да нас дайшло, што трое самавiтых мужчын, адзiн з якiх - вучоны з сусветна вядомым iменем, узяўшыся за рукi, вядуць як дзецi карагод, мы не ўтрымалiся. Мы так доўга намагалiся захаваць сур'ёзнасць, што настала натуральная разрадка. Мы рагаталi як дурнi, згiнаючыся ад смеху напалам, - i нiяк не маглi супакоiцца.
Гэты мiжвольны выбух нашай бязглуздай весялосцi нарэшце выклiкаў у сарорцаў рэакцыю - толькi зусiм непажаданую. Над возерам бы шквал пранёсся! Людзi ў панiцы кiнулiся ўцякаць ад нас ва ўсе бакi - убачыў бы хто знянацку такое недарэчнае вiдовiшча на зямлi, аслупянеў бы, не верачы вачам. Праз некалькi iмгненняў мы засталiся ў вадзе адны. Дзiкуны сабралiся ў натоўп на беразе ў сама далёкiм ад нас канцы возера i проста дрыжалi - хто ад страху, хто ад лютасцi. Адны спалохана ўскрыквалi, другiя пагрозлiва размахвалi рукамi. Твары ў iх былi такiя скажоныя, што мы з Левэнам устрывожылiся i пачалi падбiрацца да зброi. Толькi мудры Антэль захоўваў спакой i шэптам пераканаў нас не толькi не страляць, але нават не хапацца за стрэльбы, пакуль гэтыя людзi трымаюцца ўдалечынi.
