Гэта было менавiта так! Яна спрабавала ўсмiхнуцца! Пра тое, якога гэта каштавала ёй намагання, я здагадаўся, прыкмецiўшы, як сутаргава скарачаюцца мускулы яе чароўнага твару. Яна спрабавала ўсмiхнуцца некалькi разоў, але ў вынiку змагла толькi вымучыць нейкую хваравiтую грымасу. Гэтыя пакутлiвыя, марныя высiлкi страшэнна мяне ўсхвалявалi. Я адчуў раптам, як душу маю захлiснула хваля жалю, быццам перада мною было дзiця-калека. Я ласкава сцiснуў яе плячо, схiлiўся над ёю i дакрануўся вуснамi да яе вуснаў. У адказ яна пацерлася носам аб мой нос, потым лiзнула мяне ў шчаку.

Разгублены, я не ведаў, што i рабiць. На ўсякi выпадак нязграбна паўтарыў яе жэст. Нова здавалася задаволенай, але далей нашае зблiжэнне не пайшло. Баючыся, што мае зямныя манеры прывядуць да якойсьцi недаравальнай памылкi, я раздумваў, што б яшчэ такое зрабiць, як раптам жудасны грукат i звон прымусiлi нас iмгненна ўскочыць на ногi.

Ашаломленыя, мы стаялi побач з двума маiмi таварышамi, пра якiх я ледзь не забыўся, як сама апошнi эгаiст. Нова, нiбыта звар'яцеўшы, пачала кiдацца з боку ў бок. Хутка я зразумеў, што гэты гвалт быў жахлiвай нечаканасцю не толькi для нас, але i для ўсiх лясных жыхароў: людзi выскоквалi з гнёздаў i насiлiся па паляне ўзад-уперад. I гэта ўжо было не гульнёю, як учора, - у iх крыках чуўся неверагодны страх.

Ад гэтай какафонii, што разрывала раптам цiшыню джунгляў, ажно кроў у жылах стыла. Але я адчуваў: лясныя людзi выдатна разумеюць, што стаiць за ўсiм гэтым гармiдарам - iх палохалi не грукат i звон самi па сабе, а наблiжэнне зусiм пэўнай небяспекi. Гвалт нарастаў. Гэта была жудасная какафонiя, у якой змяшалiся глухi рокат барабанаў, рэзкi ляск i звон, быццам ад удараў у рондалi, крыкi. Больш за ўсё ўразiлi нас менавiта крыкi, таму што, хоць мы i не разумелi нi слова невядомай нам мовы, галасы былi, бясспрэчна, чалавечыя.



28 из 145