
Я забавiўся, стараючыся лепей уладкавацца. Нова па-ранейшаму назiрала за мной збоку. Калi я нарэшце ўлёгся, яна, павагаўшыся досыць доўгi час, падышла да мяне дробнымi, няўпэўнымi крокамi. Я замёр, баючыся спалохаць яе. Пастаяўшы каля мяне, яна ўлеглася побач. Я ляжаў, не дазваляючы сабе нават паварушыцца. Урэшце яна даверлiва прыцiснулася да мяне, i цяпер мы ўжо нiчым не адрознiвалiся ад астатнiх парачак гэтага дзiўнага племенi. Але, нягледзячы на неверагодную прыгажосць Новы, жанчыны ў ёй я не адчуваў. Яна паводзiла сябе бы ласкавая хатняя жывёлiна, якой хочацца сагрэцца побач з гаспадаром. Мне таксама была прыемная цеплыня яе цела, але нiякага жадання яна ўва мне не ўзбуджала. Урэшце я так i заснуў, змарнелы, зусiм побач з гэтай надзiва пекнай' i неразумнай iстотаю. Засынаючы, я паспеў заўважыць у небе начны спадарожнiк Сароры - ён быў меншы за наш Месяц, аднак залiваў джунглi досыць яркiм жаўтаватым святлом.
Раздзел VIII
Прачнуўся я, калi неба ў прасветах памiж галiнамi налiвалася ўжо першымi ранiшнiмi фарбамi. Нова яшчэ спала. Я доўга разглядваў яе, нiчым не выдаючы сябе, што прачнуўся, але, згадаўшы, як жорстка абышлася яна з Гектарам, уздыхнуў. З-за гэтай нiмфы пачалiся ўсе нашыя няшчасцi: гэта ж яна паведамiла пра нас супляменнiкам. Але я не мог злаваць на прыгажуню, зачараваны яе павабнасцю.
Тут Нова заварушылася i ўзняла галаву. У вачах у сароркi мiльгануў жах, я адчуў, як напружылiся ўсе яе мускулы. Аднак мая нерухомасць супакоiла Нову, i спакваля выраз яе твару памякчэў. I ўпершыню ёй удалося на iмгненне вытрымаць мой позiрк. Я расцанiў гэта як асабiстую перамогу i, зусiм забыўшыся, якое ўражанне рабiла на яе ўчора маё зямное выяўленне зычлiвасцi, усмiхнуўся.
Але гэтым разам яе рэакцыя была спакайнейшая. Дзяўчына задрыжала, напружылася, нiбыта перад скачком, аднак засталася нерухомая. Узбадзёраны поспехам, я ўсмiхнуўся яшчэ больш выразна. Яна зноў уздрыгнула, але потым усё ж такi супакоiлася. Няўжо мне ўдалося прыручыць дзiкунку? Асмялеўшы, я паклаў ёй руку на плячо. Дрыготка прабегла па ўсiм яе целе, але яна не варухнулася. Усведамленне поспеху працяла мяне п'янаю радасцю, аднак неўзабаве я прыйшоў яшчэ ў большае захапленне, калi заўважыў, што Нова спрабуе пераймаць мяне.
