
Памылiцца я не мог. У джунглях грымелi стрэлы - адзiн, другi, потым яшчэ i яшчэ з няроўнымi паўзамi, iншы раз адзiночныя, iншы раз здвоеныя i дужа падобныя на дублеты нашых паляўнiчых. Стралялi дзесьцi наперадзе, перакрываючы ўцекачам дарогу. Але пакуль мы раздумвалi, што рабiць, ланцуг загоншчыкаў наблiзiўся амаль да нас - i тут узнiкла панiка. Не ведаю чаму, але стралянiна здалася мне менш небяспечнаю, ва ўсякiм разе, больш знаёмай i не такой страшнай, як гэты, бы ў пекле, вар'яцкi гармiдар. Iнстынктыўна, стараючыся, аднак, пазбягаць адкрытых месцаў i рухацца як мага цiшэй, я зноў кiнуўся бегчы. Левэн трымаўся мяне.
Так мы дабеглi да таго месца, адкуль даносiлiся стрэлы. Я спынiўся, потым пачаў прабiрацца далей яшчэ больш асцярожна, ледзь не паўзком. Мой таварыш не адставаў ад мяне. Мы ўскараскалiся на невысокi пагорак i залеглi амаль на самай яго вяршынi, пераводзячы дух. Наперадзе было ўсяго некалькi дрэваў i палоска кустоўя. Выглянуўшы з кустоў, я здранцвеў бы аглушаны.
Вiдовiшча было задужа неверагоднае, недаступнае асэнсаванню - перад тым, што мы ўбачылi, наш чалавечы розум быў проста бяссiльны.
Раздзел IХ
У вiдовiшчы гэтым багата было i дзiўнага i страшнага, але спачатку ўсю маю ўвагу забрала адна iстота, якая стаяла нерухома крокаў за трыццаць ад мяне i глядзела ў мой бок.
Я ледзь не ўскрыкнуў, гэтак быў збянтэжаны. Нягледзячы на панiку, нягледзячы на ўвесь трагiзм майго становiшча - я ж апынуўся памiж загоншчыкамi i стралкамi, - бясконцае здзiўленне заглушыла ўва мне ўсе астатнiя пачуццi, калi я ўбачыў, што за стварэнне пiльнавала нас, бы якую дзiчыну, з засады.
