
Гэта была малпа. Гарыла вялiзнага росту.
Дарма я паўтараў сабе, што, напэўна, звар'яцеў - перада мною быў не мiраж. Аднак сустрэча з гарылаю нават на Сароры сама па сабе не ўяўляла б сабою нiчога звышнатуральнага. Уразiла мяне тое, што гарыла была прыстойна адзетая, зусiм як чалавек на Зямлi, а галоўнае - яна адчувала сябе ў гэтай адзежы свабодна i нязмушана. Менавiта гэтая вось натуральнасць i ашаламiла мяне. З першага ж позiрку я зразумеў, што малпа не была спецыяльна кiмсьцi прыбраная. Вопратка была ёй такая ж прывычная, як поўная яе адсутнасць Нове i iншым сарорцам.
Гарыла насiла такi самы гарнiтур, як мы з вамi, я хачу сказаць, як нашы паляўнiчыя, на адной з тых грандыёзных аблаў, што ладзяцца ў нас паслам i iншым важным персонам. Яе карычневая куртка здавалася сшытаю ў лепшым парыжскiм атэлье, а пад ёй вiднелася кашуля ў буйную клетку, - такiя звычайна носяць нашыя спартоўцы. Трохi пашыраныя ўнiзе брыджы былi запраўлены ў гетры. Тут падабенства канчалася: замест чаравiкаў на нагах у гарылы была пара тоўстых чорных пальчатак.
Я паўтараю - вочы мяне не падманвалi!
З каўняра кашулi тырчала зарослая чорнаю поўсцю брыдкая галава: востры чэрап, прыплюснуты нос, велiзарная скiвiца. Гарыла стаяла, крыху нахiлiўшыся ўперад, у тыповай паставе паляўнiчага, якi пiльнуе звера, i яе доўгiя рукi сцiскалi стрэльбу. Яна затаiлася акурат насупраць мяне, на iншым баку шырокай прасекi, да якой наблiжаўся ланцуг загоншчыкаў.
Раптам гарыла насцярожылася. Я таксама пачуў у кустах трохi правей сябе лёгкi шоргат. Гарыла павярнула галаву, адначасова ўздымаючы стрэльбу, каб адразу ж прыцэлiцца. З вяршынi пагорка я заўважыў, як варушыцца кустоўе, скрозь якое прадзiраўся наўздагад адзiн уцякач. Я хацеў крыкнуць, каб засцерагчы яго, настолькi быў мне ясны намер малпы. Але толькi я сабраўся гэта зрабiць, як чалавек выскачыў на адкрытае месца з хуткасцю аленя. Куля трапiла ў яго, калi ён быў на сярэдзiне прасекi. Чалавек падскочыў, упаў, забiўся ў канвульсiях i выпусцiў дух.
