Усе гэтыя ўражаннi абвалiлiся на мяне ўмомант. Я спрабаваў абдумаць iх, прааналiзаваць, але часу на гэта не было. Левэн ляжаў побач са мною, здранцвелы ад страху, i нiчым не мог мне дапамагчы. Небяспека ўзрастала з кожнай секундаю. Загоншчыкi наблiжалiся. Гвалт i крыкi, усчатыя iмi, аглушалi. Нас ахапiла панiка, як дзiкiх звяроў, як гэтых няшчасных людзей, што прабягалi мiма нас. Племя, як выявiлася, было намнога больш люднае, чым я думаў, таму што мужчыны i жанчыны ўсё яшчэ выскоквалi на прасеку, дзе iх чакала жахлiвая смерць.

Аднак не ўсiх. Спрабуючы трымаць сябе ў руках, я назiраў з вышынi пагорка за паводзiнамi ўцекачоў. Большасць, звар'яцеўшы ад страху, з гвалтам ламiлася напрасткi праз кусты, даючы такiм чынам знаць пра сябе малпам, якiя расстрэльвалi людзей ва ўпор. Але некаторыя паводзiлi сябе больш асцярожна, як старыя кабаны-секачы, што пабывалi ўжо ў многiх аблавах i навучылiся ўсялякiм хiтрыкам. Гэтыя ўцекачы нячутна падбiралiся да прасекi, замiралi, чакаючы, пакуль блiжэйшы паляўнiчы адвернецца - i адразу ж выскоквалi з кустоў, iмгненна перасякаючы смертаносную зону. Многiм удавалася перабегчы праз усю прасеку i знiкнуць у непраглядным зараснiку на другiм баку.

Магчыма, гэта быў наш адзiны шанц на ўратаванне. Я зрабiў Левэну знак рушыць услед за мною i папоўз да апошнiх кустоў перад прасекаю. Але калi мы дабралiся да iх, мяне ахапiла раптам недарэчнае абурэнне. Як гэта я, чалавек, буду хiтрыць, каб падмануць малпу? Каб не абразiць сваёй годнасцi, я павiнен зараз жа ўстаць i палкаю адлупцаваць жывёл. Аднак жудасны гармiдар, якi ўсё нарастаў, прагнаў iдыёцкi настрой.

Паляванне канчалася. Грукат стаяў такi, што можна было звар'яцець. Загоншчыкi былi ўжо ў нас за спiнаю. Я паспеў разгледзець праз лiстоту аднаго з iх. Гэта была вялiзная гарыла, якая галасiла i ўлюлюкала ва ўсё горла, стукаючы палкаю па ствалах дрэў. Мне яна здалася яшчэ больш страшнай, чым гарыла-паляўнiчы. Левэн увесь затросся, ажно зашчоўкаў зубамi, а я, затаiўшы дыханне, чакаў зручнага моманту, каб кiнуцца да гушчару.



33 из 145