
I тут мой няшчасны таварыш, сам таго не ўсведамляючы, уратаваў мяне сваёй неасцярожнасцю. Зусiм страцiўшы галаву, Левэн ускочыў, безразважна кiнуўся бегчы i апынуўся на адкрытай прасторы акурат перад дулам блiжэйшага паляўнiчага. Адбегчы далёка яму не ўдалося. Стрэл нiбыта пераламаў яго напалам, i Левэн звалiўся побач з трупамi астатнiх уцекачоў. Мне не было калi аплакваць яго. Сцiснуўшыся ў камяк, я вычакаў, калi гарыла аддасць стрэльбу слузе на перазарадку, i, выскачыўшы з кустоў, кiнуўся бегчы цераз прасеку. Я бачыў, быццам у сне, як гарыла таропка схапiла зараджаную стрэльбу, але перш чым яна паспела прыцэлiцца, я паспеў нырнуць у зараснiк. Я пачуў яе крык, мусiбыць, яна лаялася, але мне было не да абдумвання гэтай новай недарэчнасцi.
Перамога была за мною. Душа мая ганарлiва трыумфавала - ува мне зноў загаварыла прынiжанае самалюбства. Я бег з усiх ног далей ад крывавай бойнi, i неўзабаве крыкi загоншчыкаў за маёй спiнаю змоўклi. Я выратаваўся.
Выратаваўся? На жаль, я недаацанiў злой хiтрасцi малпаў Сароры. Не прабег я i сто метраў, як спатыкнуўся i адразу ж наляцеў на нейкую перашкоду на маiм шляху, схаваную ў зараснiку. Гэта была расцягнутая над зямлёю сетка з буйнымi ячэйкамi i кашалямi, у адным з якiх я i заблытаўся. I не адзiн я трапiў у гэтую пастку. Сетка перакрывала досыць шырокую паласу лесу, i ў ёй боўталiся няўдалыя ўцекачы, якiя здолелi ўратавацца ад расстрэлу на прасецы. Адчайныя рыўкi сеткi i злосны вiск вакол мяне найлепшым чынам давялi мне ў лiчаныя iмгненнi марнасць iх намаганняў выбрацца на волю.
Калi я адчуў сябе ў пастцы, мною авалодала сляпая, звярыная лютасць, мацнейшая за страх, i я страцiў усякую здольнасць разважаць. Наадварот, нiбыта звар'яцелы, рабiў якраз тое, што разумнаму чалавеку нiяк было нельга рабiць: кiдаўся ў сетцы з боку ў бок, спрабуючы вырвацца, пакуль не заблытаўся канчаткова, так, што ўжо i паварухнуцца не мог. Мне засталося толькi моўчкi чакаць, спадзеючыся на лiтасць малпаў, якiя, я чуў, падыходзiлi ўжо да нас.
Раздзел Х
Калi я ўбачыў, што да нас наблiжаюцца малпы, мяне ахапiў смяротны жах. Пасля таго, чаму давялося стаць сведкам, здалося, што гэтыя жорсткiя стварэннi зараз жа пачнуць знiшчаць палонных.
