
Юрась Нераток
Закуцце
Апавяданні
ЗАКУЦЦЕ
ПАГАНСКАЯ ФАНТАЗІЯ
Лічыць сябе хрысціянамі і называць Ражство Хрыстова Калядамі, блытаць Сёмуху з Тройцай, адзначаць Радаўніцу і Дзяды? Саромецца слова “паганства”, што прыйшло з мовы элінаў? Перажагнаўшыся, скакаць праз вогнішча, а пасля шукаць папараць- кветку?У хрысціянскае свята ісці на могілкі з пітвом і закуссю?
..А чаму бі не?
Аўтар
- Ну, чаго тырчыш, як ідал драўляны?! - круглая шыракабёдрая цётка светла-паласатай сумкай сапхнула Кірыла Градоўскага з прыступкі вакзальнага выхаду.
- Я не драўляны. Я - з душы і цела, - машынальна адказаў Градоўскі. І патлумачыў: - Задумаўся...
Кірыл Ігаравіч Градоўскі і сапраўды асэнсоўваў гутарку са старшынёй мясцовага літаратурна-краязнаўчага аб’яднання “Зьнчъ”, з якім развітаўся хвілін сорак таму.
...Нават калі ляцець на верталёце над гэтымі балоцістымі лясамі, яны ўяўляюцца бяскрайнімі. Неабсяжны ярка-зялёны летам і бура-зялёны на белым зімой ландшафт, які за тысячагоддзі адшліфавала ўсёмагутная прырода.
Мяркуюць, што перад апошнім чацвярцічным перыядам тут нястрымна плёскаліся бязмежныя хвалі цёплага мора, назва якога, калі і была, сцерлася ў нябыце. Лёд з поўначы зрушыў узгоркі, горы, пахаваў пад імі акваторыю - і толькі Усявышні ведае, што робіцца пад кавалкамі цвёрдай і ворнай глебы, на якіх праз пэўны час атабарыліся людзі.
Прыехалі сюды неяк геолагі, правяралі, ці не тоіць непраходная багна нафту. Так і з’ехалі ні з чым - сейсмографы сведчылі то аб бяздонных падземных плынях, то аб гіганцкіх пустотах. Урэшце размытую справаздачу завяршылі адмыслова канкрэтнай высновай: “У наш час распрацоўка радовішчаў немагчымая, у бліжэйшыя пяцьдзесят гадоў - немэтазгодная”.
Эх, людзі-людзі! Якія “пяцьдзесят гадоў”?! Вы нават не кватаруеце на гэтай планеце, бо кватарант хоць у нечым роўня гаспадару.
