Вы - пыл, які задзірысты вецер можа развеяць ва ўсе бакі, маркотны дождж - размыць у гразь, раз’юшаны мароз - ацвердзіць у камень. А потым усё паўторыцца тысячы разоў! Ёй, усёмагутнай Прыродзе, абыякава, існуяце вы ці не. І пазірае яна з халодным спакоем вечнасці на вас, часовых прыблудаў. І можаце вы вытвараць, што толькі ў галаву ўзбрыдзе: высякаць лясы, асушваць балоты, паварочваць рачныя плыні - толькі сабе горш зробіце. Пройдзе некалькі тысячагоддзяў, а не пашчасціць - стагоддзяў, і след ад вас і вашых спраў згіне: дрэва струхлее ў глебу, на якой уздымуцца новыя лясы, жалеза ссыплецца ржой і зноўку спрасуецца ў руду, бетон і шкло здрабнеюць у пясок і збяруцца ў залежы. І вам, што з зямлі чарвякамі выпаўзлі, да яе сваімі атамамі прытуліцца давядзецца. І не заўважаць вашага знікнення, як і не звяртаюць увагі на вашу прысутнасць, ні вечная Зямля, ні звышвечнае Сонца.

І хто ўспомніць тады, што былі вы тут калісьці? Хіба што далёкія нашчадкі невядомай мошкі, якую вы інстынктыўна забілі пстрычкай. Ім наканавана перажыць вас.

...Патанула ў глыбінях стагоддзяў і сама праўда аб з’яўленні тутэйшых людзей. Парастаюць мохам паданні, што ад пакалення да пакалення губляюць дакладнасць і адпаведнасць ісціне з-за недасканаласці чалавечай памяці і спрадвечнай звычкі прыхарошваць і сімвалізаваць з’явы мінулага.

Наведваліся сюды і этнографы, вывучалі мясцовую гаворку, запісвалі легенды і быліны. Было гэта яшчэ ў пазамінулым стагоддзі, і сённяшнія даследчыкі, грунтуючыся на іх дадзеных як на гістарычных дакументах, лічаць: першыя пасяленцы прыйшлі ў гэтыя мясціны паўтара тысячагоддзя таму. Мяркуюць, што належалі яны да рэшткаў некалі ваяўнічага, а пазней практычна вынішчанага ворагамі раўніннага племені корычаў. Зрэшты, бясспрэчна тое, што прозвішча “Корыч” існуе ў наваколлі з тых часін, калі чарговаму цару прыйшла думка ашчаслівіць прозвішчамі ўсіх сваіх падданых.

Прытоеная між балотамі вёсачка мае ўтульную і таямнічую назву - Закуцце. Нават паходжанне назвы ў мясцовых краязнаўцаў выклікае рознагалоссе: патрыятычная версія - куток зацішны, афіцыйная - памяць пра каваля Данілу, які паўтара стагоддзя таму кайданы кляпаў.



2 из 200