
Кірыл і не спадзяваўся, што засне так хутка.
Здалося: ці паклікала, ці ўжо ўстала з ложка Цімафееўна. Расплюшчыў вочы: спіць вяшчунка старая, толькі мармыча невыразнае нешта. А праз хвіліну ўжо каля печы стаіць, за нагу тузае:
- Прачынайся, Кірыла Ягоравіч. Пойдзем, царства нялюдскае табе пакажу.
Угледзеўся Градоўскі, а перад ім - Марфа. Ды не тая, што ў жалезным ложку душу аддавала, а маладая, як на партрэце. Нават з вяночкам васільковым.
- Ізноў ты памыліўся, галубок, - серабрыста засмяялася маладзіца. - Не Марфа я цяпер, а Мара. Уладару над сном тваім. Пойдзем на сабор божы. Сама туды іду і цябе з сабою павесці жадаю.
Кірыл споўз з печкі, чамусьці не абуўся, нават шкарпэткі шукаць паленаваўся - і падаўся за Марай. Кошка-дамавічка за імі ўвязалася.
А снегу на вуліцы як і не было. Прайшлі агарод. Босыя ступні Мары лёгенька слядок за слядком адбіваліся ў баразне ячменнага поля, каса свавольна перакідвалася то ўлева, то ўправа. А Кірыл часам і спатыкаўся, каласкі прымінаў.
- Не віхляй, саколік. Жыцень за нагу ўхопіць.
Заварушыліся ячменныя асцюкі, высунуўся маленькі дзядок, засмяяўся ўголас, крутнуў жаўтлявай барадой і зноў схаваўся- затаіўся.
Празрысты бярозавы гай прыветна ўзмахнуў трапяткім лісцем, як птушыная чарада крыллем, і раптоўна прыціх, быццам бы зразумеў, што не шукае месца для кахання гэтая маладая пара.
За балотцам, якое яны абагнулі, іх сустрэў гонкі сасновы бор, што абрываўся лукавінай блакітнай рэчкі. За рэчкай рассцілаўся духмяны поплаў.
За глыбокім ровам перад самым тынам сядзелі дзядкі сівенькія
- хто гуслі перабіраў, а хто драмаў сабе. І лілася песня несціханая пра брусы цясовыя, слупы маляваныя, катлы адліваныя, агні ясненькія і дымы сіненькія.
Узышла Мара на бераг - і сцішыліся гусляры, той-сёй усхапіўся нават. А Кірыл ужо збіў аб дубовае карэнне мезенец на правай назе і цяпер клыпаў. Аднак пачакалі, пакуль і ён пройдзе, не прыселі.
