
Чамусьці адразу паверылася, што старая і сапраўды памрэ да таго, як ён выберацца з Закуцця.
Кірыл уключыў радыё. Бадзёры голас паведаміў пра паспяховую падрыхтоўку да вясенняй паводкі, пра запраграмаваны ўздым у прамысловасці і будаўніцтве. Калі пайшла статыстычная страляніна, якая не давала дакладнага ўяўлення пра працэс, а была разлічана на магію вялікай колькасці нулёў, у мэтах захавання “нервеннай” сістэмы “радзіва” давялося выключыць.
Градоўскі ўдакладніў час на ходзіках - падвёў вялікую стрэлку на мядзведзіцу. Выкурыў яшчэ адну “папяросу’, раскідаў качаргой “вугелле” ў печцы, перакрыў комін і пачаў уладкоўвацца на ноч.
Паўлючыха вяла аповеды пра сваё жыццё: то трывожна- пакутнае, то кіпуча-бадзёрае. Яе памяць лёгка, як кніжкі з паліцы, выцягвала падзеі ўласнага дзяцінства, учарашняга дня і ніколі не чытанай ёю далёкай гісторыі сваіх продкаў і сваёй зямлі. Паміж справай Кірыл даведаўся, што ў маладосці была Марфа Цімафееўна нейкі час у камбедзе, у вайну ў рудзенскай нямецкай камендатуры працавала прыбіральшчыцай, а на калгасныя палі хадзіла “хіба толькі ношку сена скрасці”. Бацька Паўлюка быў белагвардзейцам, а дачка - не ў яе пайшла, а невядома ў каго, і да грошай задужа ласая.
А часам замаўкала надоўга ці кашлем заходзілася.
Дамавічка зноў пераўтварылася ў кошку і ўладкавалася на запечку.
На печы было цёпла, мулкавата, выпрастацца немагчыма, але надзіва ўтульна. Выразна і нават з нейкім прызвонам чулася ціканне гадзінніка.
Знахарка цяпер ужо мармытала ці то замовы, ці то малітвы: “.Астудзі ліха пякучае, прыпыні хваробы лютыя, утаймуй смутак і маркоту раба твайго. Крыніца вечная, гаючая, дубы грозныя,
магутныя Адкінь думкі злосныя, не займі чыны зайздросныя.
Дазволь на лугах тваіх райскіх апынуцца, Святавідзе. Венікам палыновым змяці, вятрыскам пругкім здзьмухні чорнае, а сэрца і душу беражы, не крыўдзі. Ухваляем цябе, Сварожа, пачынальнік родаў чалавечых і ўсяго жывога і нежывога. Не ўпадзі, як спатыкнешся, падыміся, як упадзеш.”
