
І насамрэч багі быццам ажылі. Ярыла нарэшце адазваўся на заляцанні Каляды, Лада-гарэза каля іх круціцца пачала. Грозны чорнабароды Жыжаль, не баючыся, што апячэцца, выхапіў з вогнішча галавешку і ваяўніча памахваў ёю. Сімаргал падышоў да Мары і з лёгкім паклонам падаў ахапак палявых кветак. А Тур, страшыдла з галавой бычынай, аб нечым спрачаўся з доўгавалосым волатам Вялесам.
- Не для таго я прывяла цябе сюды, каб здзівіць. Вачам тваім многа чаго бачыць даводзілася. Маўчы-маўчы, лепш разумнаму слову памерці, чым недарэчнаму нарадзіцца! Падыдзі да Дажбога, кніга ў яго на каленях ляжыць, ён табе ўсё растлумачыць. А я цябе пакіну, не адзін ты ў мяне. І хай даруюць мне браты і сёстры, што ад спраў сваіх адлучылася.
Градоўскі падышоў да Дажбога і ўпаў ніцма галавой у траву.
- Устань, малойча. Сядай побач. Хорс, сыне, табе ўжо час Сонца на ўзыход везці.
Дажбог закарузлым пальцам паказаў на радок у кнізе. Невядомая сіла пераклала старажытнаславянскую вязь на зразумелую для карэспандэнта “Сенсацыі і будзённасці” мову: “У той дзень, калі сыдзе з гэтага свету апошні язычнік, пагасне зніч, агонь вечны, і ўзбунтуюцца малыя багі і Чорны бог з усім воінствам - і жахі кашмарныя затопяць грэшнае племя людскае”.
Дажбог загарнуў кнігу. Заззяў шасціканцовы залаты крыж, уціснуты у вокладку.
- Як мне адсюль выйсці, Дажбожа? - спытаў Кірыл.
- Куды, чалавеча? Ці ведама табе, ідзеш куды? А калі ты пра тое месца, у якім быў, то пра гэта Мара паклапацілася.
Градоўскі прачнуўся ад таго, што зацёк карак. Зашмальцаваная падушка, з якой тырчала пер’е, некуды спаўзла, і ён даўно падварочваў пад галаву крысо кажуха, у якім франціў, напэўна, яшчэ Паўлюк.
Кірыл страсянуў галавой і зірнуў уніз. Бабуля, здаецца, была яшчэ жывая. Цяжкае яе дыханне, з якім ледзь спраўляліся немачныя бронхі, даносілася з паўзмрочнага кутка. Зімовая раніца, распачатая Хорсам, яшчэ не дала святла ў вокны, залепленыя снегам, але ўпэўнена выцягвала рэшткі цяпла, не звяртаючы ўвагі на павучка- абаронцу.
