Мезенец на правай назе тупа ныў. “Відаць, са сценкай не разышоўся”.

Ад шоргання Кірыла прачнулася і Цімафееўна.

- Золак, унучак. Нядоўга мне засталося, сёння ўжо далёка ад вас усіх буду. Цёмна пакуль - святло запалі. Ты прабач, што спалася табе цяжка. Павінная я была.

Градоўскі, хоць і спрасонку пакуль быў, імгненна супаставіў апошнія словы старой з убачаным сном і па-карэспандэнцку паспрабаваў удакладніць:

- Дык гэта вы мяне ноччу да багоў вадзілі?

Не пажадала адказваць на пустое пытанне Мара, адмаўчалася. Берагла апошнія сілы на больш істотнае.

- Не сказала табе ўчора. Там пад куфэркам яшчэ пярсцёнак схаваны. Пакладзі мне яго ў труну, не бяры сабе. Табе ён карысці не прынясе, а мне спатрэбіцца - абярог мой. І хату ад пажару два разы ратаваў, і ад галоднай смерці неаднойчы збавіў, і самой да сівых валасоў дажыць даў. Не бяры, і так табе нялёгка будзе, а возьмеш пярсцёнак - смерць немінучая. На пакоце няма нічога, хіба што мышаня якое ўловіш.

Марфа Цімафееўна ціхенька засмяялася.

- І спарахнела ўсё - шчыкатурка сыплецца, правалішся. Трызну па мне ў хаце зрабіце - зімна на вуліцы. А Карна назіраць будзе, як успамінаеце мяне, як смуткуеце. Завіруха заўтра ўвечары пачнецца і два дні і дзве ночы выць будзе. Таму, як ехаць хочаш, то сёння едзь. А як застанешся на хаўтуры, на трызне не пі многа, беражыся: Пераплут да Зюзі давядзе, а Зюзя - да Карачуна. Кошку- дамавічку да сябе вазьмі - утульна ў тваёй хаце будзе. - Уладарны тон знахаркі змяніўся на жаласны, ледзь не на плач. - Няма вёскі, няма вёскі - адны недавяркі і ашавуркі! Што ведаю - няма каму перадаць, ды й сілы не засталося.

Кірыл злез з печы, абуў боты, нацягнуў швэдар і чакаў, пакуль старая дазволіць выйсці хоць бы снегам твар працерці. Здаецца, яго нецярпенне перадалося і Цімафееўне. Голас яе зноў пасуровеў:

- Ну, бывай здаровы. Ідзі ў селішча. Рабі тое, што ўчора казала.



16 из 200