Ні манеткі, ні пярсцёнка Градоўскі так і не знайшоў. Выграблі, напэўна, калі ў галаве туман стаяў.

Завея зранку пасля пахавання пачалася - два дні і дзве ночы шалела-лютавала. Так і праседзеў карэспандэнт у Паўлючышынай хатцы, хоць Сашка-брыгадзір да сябе начаваць запрашаў. І ўвесь гэты час трызну спраўлялі з ранку да вечара, некаторыя і дамоў не разыходзіліся. А што рабіць: вяселле, праводзіны, хаўтуры - вось і ўсе святы ў вёсцы!

Сталічнаму карэспандэнту Градоўскаму Сашка-брыгадзір гонар аказаў: прыкладваючы ўжо талы снег да круглай бітай шчакі сваёй, завёз у санях да Рудні і пасадзіў на дзежынскі аўтобус.

У Дзежыне гулялі Масленіцу. Урачыста спалілі на плошчы перад былым райкамам трохметровае вусатае саламянае пудзіла Зімы ў бабскай хустцы і спадніцы. Гарадскі галава распарадзіўся, каб бліны бясплатна раздавалі. Чырванашчокія прадаўшчыцы, задаволеныя тым, што з грашыма не трэба важдацца, толькі паспявалі згортваць гэтыя бліны, круглыя і жоўценькія, як сонейкі, у чатыры столкі. Пераапранутыя казламі, мядзведзямі і бацянамі падлеткі паспяхова зараблялі на піва і марожанае, а міліцыянты, хоць і строгімі выглядалі, паводзілі сябе даволі зычліва. Толькі аднаго хлопца ў бела-чырвонай менінгітцы ці то папярэдзілі, ці то папалохалі.

Адно шкада: пакуль ехаў Градоўскі на экспрэсе з Дзежына - у сон змарыла. А выходзіў - дык пакет з кніжкай, што быў асобна ад яго заплечнай сумкі, у аўтобусе пакінуў. Шукаў пасля, трэба сказаць. Нават узнагароду прапанаваў у сваёй газеце. Але каму тая ўзнагарода трэба, калі кніжка старадаўняя і вялікіх грошай каштуе? Ды ці была яна?

Праўда, і аказія надарылася: пакуль Кірыл па сваіх закуццях раз’язджаў, жонка яго Волька вырашыла кінуць Градоўскага. Адно сумненне было ў Волькі - прозвішча выбранніка: Сапсень. Вырашыла, што застанецца Градоўскай.

Што зробіш? Паўлючыха сказала, што адолеем. Ну, то адолеем!



19 из 200