Сакаліха прынесла з дому двухлітровік смятаны, Галька ў парадку “дабрачыннасці і спонсарства” - пяць кілаграмаў грэчкі і пяць пачкаў кісялю, Соня прэзентавала два трохлітровікі самагону, а за астатняе давялося плаціць.

Градоўскі не паспяваў разлічвацца: і камандзіровачныя, і асабістыя, і “падскурныя” літаральна на вачах знікалі. Толькі на дарогу і пакінуў.

Нарэшце, калі, стомлены, сядзеў на “зэдліку’ каля акенца і стрэсваў попел з апошняй “цывільнай” цыгарэты ў пусты пачак, Соня прынесла кнігу: “Мы даўно не чытаем, а табе, можа, і спатрэбіцца. Хоць, Паўлючышыну дачку трэба было б спытаць: кніга старадаўняя - вялікіх грошай каштуе, дурню бачна. Ды ці была яна, ці не?”

Градоўскі ручніком з вышытымі пеўнікамі сцёр пыл і разгарнуў, дзе атрымалася. Малюнак: паўкругам сядзяць багі, статныя хлопцы чорцікаў падганяюць, каб лепш за нязгасным агнём сачылі. А перад ідаламі стаіць Мара і яго, Кірыла, басаногага за руку трымае .

“Недаспаў ці перанерваваўся?”

Адгарнуў другую старонку. Яна абвяшчала: “І іжэ будзе дзень, колі опошні язычнік покідаша свет сей, і погасі зніч, огнь вечны, узбунтоваці божкі малы і Чарнабога воінство, і няшчасцяў цьма падзе на главы чалавецах грэшныя”.

Градоўскага скаланула. Ён закрыў кнігу. Вялікі палец левай рукі яго трапіў у паглыбленне малой папярочкі шасціканцовага залатога крыжа.

Пахавалі Паўлючыху на наступны дзень. Кірылу, як моцнаму хлопцу, давялося неабабітую труну яе ў галовах несці. А як Закуцце асілкаў народзіць? - дрыгва паўсюдная.

Кошку Кірыл забраць хацеў - не пайшла з магілкі, ашчацінілася, лапку-драпку ўздымала, кіпцюры паказвала, калі падысці спрабаваў. Дамавічка!

Так здарылася - да Галькі якраз на дзень хаўтур мужык прыехаў. Для парадку Сашку-брыгадзіру па фізіяноміі ўкляпаў - права сваё азначыў. І ў той жа дзень зноў на новабудоўлі падаўся - кантракт у яго. У Польшчы праўда, на гэты раз.



18 из 200