
- Вы прастудзіліся. Доктара, можа, выклікаць?
- Не прапануй, унучак, таго, што зрабіць не здолееш. Зараз і да Рудні дабрацца немагчыма - лешакі ўсе сцежкі зблыталі. А і там толькі фельчар - пусты, як гэтая во труба, чалавек. - Старая ўзняла над галавой кулачок і пастукала ім па аблупленай храміраванай спінцы ложка.
- Дык, можа, што з вашых зёлак падаць?
- Не кажы, унучак, таго, у чым не разбіраешся. Няма лекаў ад смерці - прыйшла, то прыйшла. Палі печ. Гатуй сабе вячэру, макароны ў гаршку на прыпечку знойдзеш... На распалку дровы ў печы ляжаць, газеты - на запечку. З-за хлява яшчэ прынясі. А сам потым на печы ляжаш, знойдзеш рыззё якое - і падаслаць, і накрыцца... Бародаўка ў цябе на правай руцэ між пальцамі, дык ты, калі яблыня-асінаўка выспее, разрэж яблык напалам. Адной палавінкай трэба пацерці тое месца і закапаць у зямлю, а другую - з’есці. Як месяц-маладзік узыдзе, так твая бародаўка і сыдзе.
- А замова якая?
- Ніякай замовы, - трохі раздражнёна сказала старая. - Ідзі па
дровы.
Кірыл выйшаў з хаты. Пачакаў, пакуль вочы звыкнуцца з цемрай. Даклыпаў да хлява, набраў, страсаючы снег, бярэмя дроў. Калі вяртаўся да ганка, зірнуў на веснічкі. “Чортавы вароты” - электрычны слуп з падпоркаю - змрочна чарнелі на фоне попельна- шызага неба. Мішка, зразумела, даўно хвастом накрыўся. Напэўна, пацёгся да якога-небудзь сябрука, каб разам самагонны разгул наладзіць.
У хаце Кірыл разгледзеў партрэт, на які адразу не звярнуў пільнай увагі: маладая пара ў рамцы пад шклом. Галаву Марфы ўпрыгожваў вянок з васількоў, які партрэтыст не паленаваўся адрэтушаваць да натуральнага колеру. Доўгая светлая каса, перакінутая цераз плячо, прабегла між грудзей і, як вуж на сонейку, прыгрэлася на каленях. Мужчына быў шыракаплечы і вусаты, у ваеннай форме з ромбікамі ў пятліцах.
- Мы з Паўлюком вяселле згулялі на Пакроў... - даляцеў з-за шторы надтрэснуты ціхі голас. - Галодны быў год: гуменнікі ўсё жыта згнаілі - угнявіліся на тых, хто без патрэбы каля жыта сноўдаўся.
