
Куточак, у якім звычайна ў такіх хатках вісіць ікона з угоднікам-цудатворцам або Божай Маці, быў завешаны ручнікамі з вышытымі пеўнікамі, якія, здавалася, упрыгожвалі густое павучынае гняздоўе.
- Не чапай павучка, ён цяпло ў хаце беражэ і ад холаду абараняе... Лепш гірку на ходзіках падцягні.
Гірка і сапраўды выцягнула амаль увесь ланцужок.
У печы патрэсквала і гуло, водбліскі полымя мудрагелістымі ценямі капрызна мігцелі на супрацьлеглай сцяне.
Паўлючыха ўперамежку з не зусім зразумелымі фразамі і працяглымі ўздыхамі апавядала Кірылу пра яго мінулае і сённяшняе жыццё. А будучае прадказваць адмовілася:
- Не трэба, унучак, пра тое ведаць. Калі не ведаеш, што цябе чакае - шмат што можа адбыцца. А калі ведаеш - то навошта яно? Тады і жыць няма патрэбы... Адно магу сказаць: блізкі чалавек табе здрадзіць, выпрабаванне цяжкае цябе чакае, але ты перажывеш яго, адолееш...
Кірыл ужо асвоіўся ў пацяплелай хатцы, сцягнуў швэдар, паеў “забеленага супчыку з макаронамі”.
- Суседка Сакаліха малака літроўку прынесла. Я кароўку яе лячыла, дык баіцца, каб не сурочыла, - малаком частуе.
Інтэрв’ю не атрымлівалася. Голас старой то слабеў, то зусім заціхаў, то зноў мацнеў. Дыктафон дамотваў другую (апошнюю) касету, а ішла пакуль “бытавуха”, якую экзатычна і часам пацешна слухаць, але немагчыма падаць на паласу. Зрэшты, карэспандэнт Градоўскі быў здольны і не з такіх венікаў зрабіць ікебану. Тым больш дадумваць можна было ўсё, што душа дазволіць: у гэтай кінутай Богам і ўладамі вёсачцы любая газета была толькі паперай, якую немаведама чаго запэцкалі друкарскай фарбай. Нават у Дзежыне любы матэрыял аб Закуцці, куточку, што быў ахутаны флёрам таямнічасці, будуць лічыць праўдай. А іранічная сталіца, што ні пішы, праглыне, як займальную брахню.
Градоўскі кіпяціў у “цугунку’ гарбату з траў, калі Цімафееўна запатрабавала ўвагі да сябе:
