
Усе, хто сабраўся ў кабiнеце, паглядзелi на кнiгу.
"Азiрнiся на дом, анёл".
Стары Фiлд вылажыў на стол яшчэ тры кнiгi. "Пра час i пра раку", "Павуцiна i скала", "Табе ўжо не вярнуцца дадому".
- Iх напiсаў Томас Вулф, - сказаў ён. - Тры стагоддзi ён спачывае ў зямлi Паўночнай Каралiны.
- Дык няўжо вы паклiкалi нас толькi для таго, каб паказаць кнiгi нейкага нябожчыка? - здзiвiлiся сябры.
- Не, не толькi! Я паклiкаў вас, бо зразумеў: Том Вулф - вось хто нам трэба! Вось чалавек, якi быў створаны для таго, каб пiсаць пра вялiкае, пра Час i Прастору, пра галактыкi i касмiчную вайну, пра метэоры i планеты. Ён любiў i апiсваў усё нешта такое, велiчнае i грознае. Проста ён нарадзiўся занадта рана. Яму патрэбны быў матэрыял сапраўды грандыёзны, а на Зямлi ён нiчога такога не знайшоў. Яму трэба было нарадзiцца не сто тысяч дзён назад, а сёння.
- А вы, баюся, крыху спазнiлiся, - падкалоў прафесар Боўлтан.
- Ну не! - абсек яго стары. - Хто-хто, а я не дам сучаснасцi абакрасцi мяне. Вы, прафесар, ставiце доследы з падарожжамi ў часе. Спадзяюся, вы ўжо ў гэтым месяцы даведзяце да ладу сваю машыну. Вось вам чэк, суму паставiце самi. Калi спатрэбяцца яшчэ грошы, скажыце толькi слова. Вы ж падарожнiчалi ўжо ў мiнулае, праўда?
- Падарожнiчаў, на некалькi гадоў назад, але не на стагоддзi...
- А мы даб'ёмся стагоддзяў! I вы ўсе, - ён абвёў прысутных няўрымслiвым, гарачым позiркам, - будзеце дапамагаць Боўлтану. Мне патрэбен Томас Вулф.
Усе ахнулi.
