
- Менавiта так, - пацвердзiў стары. - Вось што я задумаў. Вы даставiце мне Вулфа. Сумесна мы выканаем вялiкую задачу, палёт з Зямлi на Марс будзе апiсаны так, як здольны гэта зрабiць адзiн толькi Томас Вулф!
I ўсе разышлiся, а Фiлд застаўся са сваiмi кнiгамi, ён гартаў старыя старонкi i, кiваючы, мармытаў сам сабе:
- Так, так, вядома! Том - вось хто нам трэба. Том - якраз той самы хлопец для гэтай справы.
Марудна цягнуўся месяц. Днi ўпарта не хацелi развiтвацца з календаром, бясконца доўжылiся тыднi, i Генры Ўiльям Фiлд гатовы быў завыць ад роспачы.
Пад канец месяца ён аднойчы прачнуўся апоўначы. Званiў-надрываўся тэлефон. Фiлд у цемры працягнуў руку.
- Слухаю.
- Гаворыць прафесар Боўлтан.
- Што скажаце?
- Я выпраўляюся праз гадзiну.
- Выпраўляецеся? Куды? Вы што, кiдаеце работу? Гэта немагчыма!
- Даруйце, мiстэр Фiлд. Выпраўляюся - гэта значыць выпраўляюся.
- Дык вы i праўда выпраўляецеся?
- Праз гадзiну.
- У тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы? Пятнаццатае верасня?
- Так.
- Вы дакладна запiсалi дату? Раптам вы з'явiцеся, калi ён ужо будзе мёртвы? Глядзiце, не спазнiцеся! Пастарайцеся трапiць туды загадзя, скажам, за гадзiну да яго смерцi.
- Добра.
- Я так хвалююся, ледзьве трымаю ў руках слухаўку. Шчаслiва, Боўлтан! Дастаўце яго сюды цэлага i жывога.
- Дзякуй, сэр. Да пабачэння.
У слухаўцы пстрыкнула.
Генры Ўiльям Фiлд ляжаў без сну, ноч адлiчвала хвiлiны. Ён думаў пра Тома Вулфа як пра даўно страчанага брата, якога трэба падняць анi не пашкоджаным з-пад халоднага надмагiльнага каменя, вярнуць яму плоць i кроў, палымянасць слова. I кожны раз яго прабiралi дрыжыкi пры ўспамiне пра Боўлтана - пра таго, каго вецер Часу нясе назад, да зусiм iншых календароў, да зусiм iншых людзей.
"Том, - у дрымоце думаў ён з бяссiльнай пяшчотай так стары бацька звяртаецца да любага, даўно страчанага сына, - Том, дзе ты цяпер? Прыходзь, мы табе дапаможам, ты абавязкова павiнен прыйсцi, ты нам гэтак патрэбен! Мне гэта не па сiле, Том, i нiкому з нас, цяперашнiх, не па сiле.
