- Мы ўжо столькi гадзiн спрачаемся, - зняможана прамовiў Фiлд.

Яны прагаманiлi ад ранiшняга сняданка да полудня i ад полудня да вячэрняй гарбаты, пераходзiлi з аднаго пакоя ў другi (а iх было тузiн) i ад аднаго доваду да другога (а iх было дзесяць тузiнаў); абодвум рабiлася то горача, то холадна, то зноў горача.

- Усё зводзiцца вось да чаго, - сказаў нарэшце Томас Вулф. - Я не магу тут заставацца, мiстэр Фiлд. Я мушу вярнуцца. Гэта не мой час. Вы не мелi права ўмешвацца...

- Але...

- Мая работа была ў самым разгары, а сваю лепшую кнiгу я яшчэ не пачынаў i раптам вы хапаеце мяне i пераносiце на тры стагоддзi наперад. Паклiчце прафесара Боўлтана, мiстэр Фiлд. Няхай ён пасадзiць мяне ў сваю машыну, якая яна там нi ёсць, i адправiць назад у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы год, там мой час i маё месца. Больш мне ад вас нiчога не трэба.

- Няўжо ты не хочаш пабачыць Марс?

- Яшчэ як хачу! Але я ведаю, гэта не для мяне. Уся мая работа пойдзе прахам. На мяне навалiцца лавiна ўражанняў, якiя я не здолею змясцiць у мае кнiгi, калi вярнуся дадому.

- Ты не разумееш, Том, ты проста не разумееш.

- Цудоўна разумею, вы эгаiст.

- Эгаiст? - перапытаў стары. - Так, вядома, i яшчэ якi! Дзеля сябе i дзеля iншых.

- Я хачу вярнуцца дадому.

- Паслухай, Том...

- Паклiчце прафесара Боўлтана!

- Том, я вельмi не хацеў табе казаць... Я спадзяваўся, што не давядзецца, што ў гэтым не будзе патрэбы. Але ты не пакiдаеш мне выбару.

Стары працягнуў руку да завешанай сцяны, адсунуў заслону i адкрыў вялiкi белы экран, потым пачаў круцiць дыск i набiраць нейкiя лiчбы; экран замiгцеў, ажыў, агнi ў пакоi павольна згаслi - i перад вачамi ўзнiклi могiлкi.

- Што вы робiце? - рэзка спытаў Вулф, зрабiў крок уперад i ўтаропiўся на экран.

- Я зусiм гэтага не хацеў, - сказаў стары. - Глядзi.



7 из 18