
- Ну што ж... Вось ты як... Разумею, разумею... - толькi i змог прамармытаць Жан.
Не магла супакоiцца i Дэнiза. Уся ў слязах, яна ўсё расказвала i расказвала:
- Ведаеш, я спачатку супрацiўлялася, як толькi магла. Але гэта аказалася мацней за мяне, мацней за нас...
- Ён твой палюбоўнiк?
- Ну... калi ты так хочаш...
- Бывай, Дэнiза!
- Але ж мы застаёмся сябрамi?
- Пра якое яшчэ сяброўства ты пляцеш?
- Пачакай, хочаш не хочаш, але бачыцца з табою нам усё роўна давядзецца ў нашым бюро.
- Ды такiх бюро ведаеш колькi ў горадзе?! Пляваў я на тваё бюро. Знайду сабе работу ў iншым месцы.
- Ты мяне ненавiдзiш?
- Не, я проста стараюся забыцца пра тваё iснаванне.
- Ты пакутуеш?
I тут Жану Дзюпону ўспомнiўся нейкi стары фiльм, дзе адзiн барадаты ўнурысты акцёр на аналагiчнае пытанне мудра i проста адрэзаў адным словам: "Страшэнна".
I Жан сказаў:
- Страшэнна!
З выглядам ушчэнт разбiтага чалавека Жан устаў i накiраваўся да выхаду...
Уздых палёгкi вырваўся з ягоных грудзей толькi тады, калi дзверы за iм зачынiлiся. Малады чалавек пацёр ад задавальнення рукi i куляй вылецеў з пад'езда. Свежы, бадзёры подых ветру сустрэў яго на вулiцы. Жан спынiўся, каб трохi аддыхацца.
Вольны, вольны, вольны! - тахкала сэрца...
А вакол бурлiла жыццё. З лёгкiм шумам праносiлiся машыны, шпарка крочылi вясёлыя прахожыя, ярка зiхацелi вiтрыны крамаў, i нават дождж быў нейкi ўрачысты i святочны. Жану здалося, што ўвесь свет хоча далучыцца да ягонай радасцi.
I хiба ў такiм настроi можна было вяртацца дамоў на метро? Не, толькi таксi. Таксi i кiно. А пасля сеанса - куфаль добрага пiва, а можа, i "сябровачку на вечарок", як казаў Жанаў калега Клiш...
