
На бульвары Манмартр стаяла чарада таксовак. Туды i рвануўся Жан Дзюпон. Не паспеў ён дабегчы да сярэдзiны вулiцы, як яго ашаламуцiў пранiзлiвы рык аўтамабiльнай сiрэны: проста на яго iмчала машына. Жан хацеў адскочыць назад i грымнуўся аб асфальт... Замерлi ў начным змроку дзве фары. Да iх цяпер ужо смертаноснага святла далучаўся крывавы колер светлавой рэкламы...
- О-ой! - пачулася ў цемры.
Жан цераз сiлу расплюшчыў вочы: перад яго носам стаялi чыесьцi брудныя чаравiкi, а зверху, нiбы ў дно калодзежа, у яго ўпiвалiся незнаёмыя вочы... Яму стала страшна... Неверагодны боль скалануў усё цела, i Жан страцiў прытомнасць...
* * *
Папацелi хiрургi над яго пераломамi...
- А цяпер - два месяцы поўнага спакою... у гiпсе, - такi канчатковы прысуд вынес доктар. I дадаў:
- Танна яшчэ адкупiўся...
Праз два днi пасля гэтага няшчаснага здарэння ў шпiталь прыйшоў Жэром Клiш - верны Жанаў сябра. Ён прысеў ля ложка хворага i спагадлiва пачаў:
- Эх, дарагi ты мой бедалага... Як жа гэта цябе...
I сапраўды, шкада было глядзець на гэтае цела, закаванае ў гiпс. На падушцы замест галавы ляжаў забiнтаваны шар, на якiм вiднеўся невялiкi квадратны выраз, дзе Жэром з цяжкасцю пазнаваў сябравы вочы, нос, губы... Па зразумелых прычынах Жана паклалi ў асобны пакой.
- Вось так, брат... Папаў я ў пераплёт... - данеслася з падушкi.
- Паслухай, Жан! Няўжо табе рабiць не было чаго?.. Каб з-за жанчыны пайсцi на такое?!
- Якой жанчыны?
- Ды не прытварайся ты!
- Пра якую жанчыну ты вярзеш?
- Ну як "пра якую"? - пра Дэнiзу Пакэ!
- Не зразумеў...
- А што, хiба ты не з-за яе?..
I тут Жан так застагнаў, нiбы на яго зноў наехаў аўтамабiль:
- У цябе што, не ўсе дома? Цi зусiм здурэў?
- Супакойся, Жан! Дэнiза сама мне ўсё расказала. У цябе ж былi з ёю шуры-муры?
- Ну, былi...
- А ў той вечар ты хадзiў да яе?
