I зноў Жан паклiкаў санiтарку i прадыктаваў ёй вось гэтае пiсьмо:

"Дэнiза, дарагая! Я дараваў табе. Чакаю цябе! Прыходзь! - Жан".

Пацягнулiся бясконцыя днi пакутлiвага чакання. Пры кожным слове, пры кожным гуку ў калiдоры Жан уздрыгваў, замiраў i прагным позiркам упiваўся ў дзверы. Але тая, каго ён чакаў, усё не iшла. Замест яе прыходзiлi саслужыўцы. Жан сустракаў iх так холадна, паводзiў сябе з iмi так жорстка, што ахвотнiкаў хадзiць у шпiталь рабiлася ўсё менш i менш.

Адзiнай уцехай яму былi фатаграфii Дэнiзы. З iмi ён засыпаў i прачынаўся, з iмi ён гаварыў, сумаваў i плакаў. "Ну i баба, - шапталiся памiж сабою санiтаркi, - да чаго давяла чалавека... Зусiм галаву страцiў..." Тым не менш яны з радасцю згаджалiся напiсаць пад дыктоўку хворага чарговае пiсьмо Дэнiзе. Аднак усе Жанавы лiсты засталiся без адказу.

* * *

Праз два месяцы Жана выпiсалi са шпiталя, а яшчэ праз тыдзень урач дазволiў яму рабiць невялiкiя прагулкi па вулiцы. I перш-наперш малады чалавек пакульгаў да Дэнiзы. Калi нарэшце ён даплёўся да пятага паверха i апынуўся перад знаёмымi дзвярыма, сэрца яго забiлася так, што давялося спынiцца i перадыхнуць. "Нiчога, я такi дайду да яе, нiкуды яна не дзенецца, вось зараз зайду, i ўсё будзе добра. Не можа быць, каб яна пра ўсё забылася..." - так супакойваў сам сябе Жан... I ён рашуча нацiснуў на званок... Хвiлiна, другая... Дзвярэй нiхто не адчыняў... Яшчэ званок... Другi... Трэцi... Цiшыня. Тады Жан пачаў стукаць у дзверы кулаком...

- Што вы там забылiся? - пачулася з нiжняга паверха. Да яго спяшалася кансьержка.

- Ды мне трэба пабачыць мадэмуазель Дэнiзу Пакэ, - адказаў Жан.

- Паслухайце, малады чалавек. Вось ужо тры тыднi, як яна пераехала адсюль.

- Як?! Тры тыднi?!.

- Ну, а што ёй тут рабiць?! Замуж выйшла i паехала сабе да мужа!..

...Штосьцi абарвалася ў Жанавай душы. Ашаломлены, няшчасны малады чалавек ледзьве спусцiўся па лесвiцы. Доўга блукаў ён па начным Парыжы, i нейкае новае, невядомае дагэтуль пачуццё пакрысе авалодвала ўсёй яго iстотай. Жан памалу супакоiўся i абыякава пазiраў, як кудысьцi спяшаюцца людзi, як сотнямi агеньчыкаў мiльгаюць рэкламы... "Жыццё iдзе сваiм ходам, - нечакана падумалася Жану, - ды толькi мне з iм ужо не па дарозе..."



9 из 10