
А ў другой запiсцы быў вершык:
Ты, хто памерцi гатоў за каханне,
Пажывi для мяне, не ўмiрай!
Ты сустрэнеш мяне на спатканнi,
I жыццё ператворыцца ў рай!
I подпiс: "Адна з тваiх каляжанак, якая любiць высокiя, чыстыя пачуццi".
* * *
Усе гэтыя размовы з саслужыўцамi, гэтыя бясконцыя дыфiрамбы, гэтыя пяшчотныя словы павагi i захаплення рабiлi сваю справу, i Жан пачынаў памалу сумнявацца ў самiм сабе. А хiба й на самай справе яму так ужо хацелася парваць з Дэнiзай? I цi прынесла яму душэўную палёгку яго свабода? Няўжо ён быў такi шчаслiвы, калi выбягаў з пад'езда? Вядома, у той вечар, можа, i не было ўжо колiшняй узнёсласцi ў iх адносiнах з Дэнiзай. Але пяшчоту да гэтай жанчыны сэрца, безумоўна, захавала. Падточваў душу чарвячок цiхай, затоенай рэўнасцi, як-нiяк перавага была аддадзена нейкаму зубному ўрачу... I чорт нанёс гэтую машыну! Быў жа, вiдаць, у мяне час, каб уратавацца! Але ж не, палез... Жыць надакучыла, цi што?!.
I зноў зайшоў Жэром:
- Ну, як маешся, Рамэо?
- Ды ведаеш, не зусiм... Да папраўкi яшчэ далёка...
I Жан пачаў распытвацца пра Дэнiзу: як яна? Цi хвалюецца? Цi адчувае сваю вiну? Як выглядае? Цi збiраецца прыйсцi ў шпiталь?
У адказ Жэром закашляўся, закруцiўся i... мусiў прызнацца, што Дэнiза нават не пацiкавiлася яго здароўем.
"Што ж... Гордая яна... - тлумачыў сам сабе Жан паводзiны былой сяброўкi. - Гордая, таму i не хоча выносiць напаказ свае пачуццi. У гэтым мы з ёй аднолькавыя..."
Як толькi Жэром пайшоў, Жан паклiкаў санiтарку i папрасiў яе з'ездзiць да яго дадому i прывезцi невялiкую скрыначку, дзе захоўвалiся пiсьмы i фатаграфii Дэнiзы. Ён перачытваў гэтыя доўгiя любоўныя пасланнi, дзе амаль кожная фраза выклiкала ў памяцi пiкантныя ўспамiны. Слязiлiся вочы i млела сэрца, калi ўглядаўся ён у фатаграфii той, хто ледзьве не стала прычынай яго пагiбелi.
Але чаму ж яна не прыходзiць? Яна ж ва ўсiм вiнаватая! I яна гэта ведае лепш, чым хто! А можа, яна сама сабе не давярае i баiцца сустрэчы з iм, каб не пачаць усё спачатку?!.
