Абсалют, а значыцца, i ён, ведалi: душа чалавечая бессмяротная, на жаль, не заўсёды. Вядома, яна бессмяротная, бо з'явiлася на свет, здзейснiлася. Але нараджэнне чалавека i нараджэнне душы - не тое самае. Бывае, чалавек жыве доўга, завяршае свой тленны шлях, памiрае, а душа яго так i не паспявае нарадзiцца. Больш таго, калi адны душы ў iншым жыццi ачышчаюцца ад зямной брыдоты, удасканальваюцца i ўзывышаюцца, а часам нават ператвараюцца ў новыя, больш дасканалыя структуры, дык другiя - неданошаныя i неразвiтыя, сатканыя са злосцi i заган - пакутуюць i згасаюць назаўсёды. Iнакш кажучы, ператвараюцца ў першаснае рэчыва спiрытасферы, яе будаўнiчы матэрыял. Так жыве чалавецтва, штодзённа i штогадзiнна ствараючы сваю калектыўную душу, бо, запомнiце, i Бог народжаны чалавекам. Так жыве сусветная душа, не толькi памнажаючыся, сiлкуючыся чалавечым мурашнiкам, але i самаўдасканальваючыся, бо ёсць у зямнога Абсалюту пачатак - першы проблiск свядомасцi ў нечай прагалаве, але няма ў яго канца, як няма лiку Абсалютам, раскiданым у Сусвеце... Не-не, пачакайце! Хто сказаў, што развiццё - гэта абавязкова памнажэнне i злiццё ў адзiнае i чаму мы павiнны яму верыць?! Далей пачынаецца панаванне фантазiй i здагадак, а нам пакуль што дастаткова ведаць: кожная сталая душа лiчыць абсалютам самую сябе, калi толькi яна на гэта мае права.

Прынамсi, душа Георга Вiльгельма Фрыдрыха Гегеля была глыбока абыякавая як да клопату касманаўтаў, якiя знайшлi невялiкiя збоi ў рабоце сонечных батарэй, так i да ўсеабдымных праблем, якiя хвалявалi ўсю спiрытасферу Зямлi: упарадкаванне светабудовы i магчымасць выратавання яе стваральнiка i ў пэўнай ступенi - сiмбiёту - звар'яцелага ў працэсе развiцця розуму чалавецтва. Душа Георга Вiльгельма Фрыдрыха Гегеля сузiрала самую сябе i занятак гэты, вiдаць, лiчыла найлепшым.

Самалёт iшоў на пасадку, i ў iлюмiнатары зноў з'явiўся твар каханай. Крыху бледнаваты, круглявы, загадкавы i недаступны, як гэты месяц, што лунае ў начным небе. Сэрца i горла сцiснула спазма. Так здаралася заўсёды, калi Мастак сустракаў цi ўспамiнаў сваю мучыцельку; ён павольна i з цяжкасцю праглынуў камяк, каб не задыхнуцца, i заплюшчыў вочы - згаснi, месяц, сыдзi, насланнё, колькi ж можна мучыць хворае i неразумнае сэрца.



2 из 12