
Але павекi iмгненна паднялiся, ён прыпаў да iлюмiнатара: захацелася неадкладна, зараз жа, убачыць калi не яе, то хоць бы яе дом, тое месца ў прасторы, дзе яна цяпер ходзiць цi сядзiць, дзе знаходзiцца яе невыносна жаданае цела, яе голас, яе валасы, дзецi, кнiжкi, словам, усё, што мае дачыненне да яго каханай маленькай жанчыны.
Унiзе, пасярод зямнога змроку, цьмяна мiгцелi агнi невялiкага горада. Не, нiчога не разгледзець! Незразумела наогул, як можна займацца яго рамяством i быць такiм бяспамятным i неназiральным: Мастак нiколi як мае быць не арыентаваўся ў тых гарадах, дзе пабываў цi жыў, не запамiнаў твараў i галасоў. Хоць навошта яму здагадвацца, якi з тых агеньчыкаў - яе дом. Ён жа i пры дзённым святле нiколi яго не бачыў, ведае толькi дзе, дый то прыблiзна. А вось у гасцях у яе быў сотнi разоў. Прылятаў у думках, калi яна спала, калi гуляла з сынам, чакаў на кухнi, часам усур'ёз шкадуючы, што не можа - бесцялесны дапамагчы яе спрацаваным рукам, якiя неяк мiнулым летам цалаваў - дазволiла, незачэпа. Мужа каханай Мастак бачыў аднойчы, мiмаходзь i ставiўся да яго спакойна, а дакладней, абыякава, як да нечага чужога, непатрэбнага. Пад час яго таямнiчых вiзiтаў яны не сустракалiся. Нават начамi яго не было ў спальнi: цi то з'ехаў у доўгую камандзiроўку, цi то ператвараўся ў бесцялесную абстрактную iстоту i таксама некуды знiкаў.
"Не хлусi хоць сабе, - падумаў Мастак. - Як ты напачатку пакутаваў, раўнаваў! Як папракаў яе, што не дачакалася цябе, выскачыла замуж ледзь не ў дзесятым класе. Вар'ят! Яна праз некалькi гадоў бабуляй стане, а ён, бач ты, пакрыўдзiўся. I нават сказаў ёй пра гэта, стары дурань. Праўда, жартуючы з сябе, але ж сказаў. А галоўнае, ты i цяпер так думаеш, толькi баiшся ў гэтым прызнацца. Чакаць бы ёй цябе - да пенсii цi да сустрэчы на нябёсах".
