
Да турбазы, мяркуючы па тым, што пратупаў я нямала, бо падышоў да крынiчкi, было гадзiны з паўтары хуткай хады. Цеплыня ўжо прабiлася ўнiз, i праз нячастыя вершалiны соснаў праглядвалi сонечныя блiкi. Вырашыў адпачыць менавiта тут. Лёг на спiну каля велiзарнай сасны, расслабiўся. Заплюшчыў вочы. Сон, якi, здавалася, вiсеў нада мной, як невядомасць, нечакана прайшоў. На душы было лёгка i радасна. Напэўна, таму, што практычна злiўся з прыродаю. У вершалiнах сосен выў вецер.
Я не глядзеў на гадзiннiк i не ведаю, колькi прайшло часу. Сказаць, што я спаў, - не магу. Хутчэй драмаў. Апамятаўся ад таго, што стала неяк няўтульна, золка. Расплюшчыў вочы. Сонца схавалася за ствол велiчэзнай ялiны, якая, нiбы панi, стаяла на невялiчкiм адхоне. Устаў з хваёвай посцiлкi i нечакана ўцямiў: заблудзiўся. Знiкла сцежка, па якой я столькi часу iшоў. Напэўна, не звярнуў увагi, як збочыў з яе. Калi гэта здарылася - не ведаю. Разгублена азiраючыся па баках, я лавiў сябе на тым, што мой погляд абавязкова натыкаўся толькi на цёмныя, сырыя, непрыветныя сукаватыя ствалы соснаў, вялiзныя лапы елак. Я пачаў кiдацца па паляне. Мне здалося, што нiколi не знайду дарогу назад.Усе дрэвы былi быццам на адзiн выгляд. Стала страшна, але затым развага i самавалоданне ўсё ж такi ўзялi верх. Пайшоў, як некалi вучыў мой школьны сябра Федзя Слонаў, ад вялiзнай елкi па спiралi, якая ўсё пашыралася. Як я ўзрадаваўся, калi пасярод лесу нарэшце натрапiў на вузкую малаходжаную сцяжынку. Яна паступова адыходзiла ў бок ад ракi i павiнна была куды-небудзь мяне прывесцi.
