Iшоў па знойдзенай сцяжынцы ўжо дзве гадзiны. Хацеў быў павярнуць назад, але сцяжынка, зрабiўшы невялiкае паўкола, нечакана абарвалася перад непраходнымi двухметровымi зараснiкамi. Гэта былi шыпшына, глог i яшчэ нейкае незнаёмае мне, аднак вельмi ўжо калючае кустоўе з вузкiмi, амаль чырвонымi лiстамi.

"Дарога ў нiкуды? - здзiўлена падумаў я тады. - Але ж такога не можа быць!" - вырашыў я.

I тут я ўбачыў невялiкi, соткi на тры, добра дагледжаны агародзiк. "Добранька, - мiльганула думка, - падпольны гарод. Але чый? I навошта ў лесе? Далей ад вачэй людскiх? Што ж тут вырошчваюць? Наркотык мо якi?"

Цiкаўнасць перамагла. Прайшоў я ў гарод. Зямля на iм даўно ўжо не палiвалася, але, нягледзячы на гэта, на вялiзных плецях з ярка-зялёным лiсцем, быццам бананавыя банчы, вiселi, сабраныя ў гронкi, агуркi. У такую глухамань забрацца, каб вырошчваць агуркi? Цiкава...

Моцна хацелася пiць ужо даўно. Я сарваў некалькi зялёненькiх агуркоў з невялiчкiмi цёмнымi пухiркамi. Агурок прыемна захрумсцеў у мяне на зубах. Жаданая прахалода адразу ж разлiлася па целе. Я адкусваў ад яго за раз амаль палову, а ён, здавалася, не меншаў. Быццам бы за той час, пакуль я жаваў, адкушаны агурок паспяваў адрасцi зноў. Гэтая дзiўнасць крыху азадачыла мяне. Выходзiла, што гэта былi незвычайныя агурочкi.

Нечакана збоку пачуўся лёгкi шоргат. Быццам нехта цiха ступаў босымi нагамi па ўшпiлянай глыбокiмi трэшчынамi, сухой, як каменне, зямлi. Я азiрнуўся на шоргат, але нiкога не ўбачыў. Пазапiхаўшы ў кiшэнi тыя сарваныя агуркi, што засталiся, я, нiбы шкадлiвы школьнiк, паспрабаваў выскачыць з агародзiка. I тут раптоўна зразумеў, што хтосьцi мяне злавiў. Цi не было ўжо гэта маё сумленне?

Ды не, пры чым тут сумленне? Хтосьцi толькi што несумненна быў за маёй спiнай, там, на агародзiку. Не мог я памылiцца! Мне нават здалося, што гэты, нябачны, перарывiста дыхаў мне ледзьве не за каўнер. I тая затуманеная галiнка, якая гайданулася...



4 из 29