Неспадзеўкi на маiх вачах, немаведама скуль узяўшыся, густы туман адразу схаваў агародзiк i блiзкiя дрэвы. Быццам адрэзаў ад майго позiрку. Дзiўны, скажу я вам, быў той туман. Няправiльны. Не расцякаўся клубамi па лагчынцы, а сваёй трохi блакiтнаватай непразрыстай сцяной спынiўся за метр ад мяне.

У страху я падаўся назад, але ўжо праз хвiлiну наткнуўся на непраходныя зараснiкi. Азiраючыся то на дзiўны калматы туман, то на суцэльную сцяну калючых кустоў, я стаў кiдацца, як упаляваны звер.

Так, мне было страшна. Як, напэўна, кожнаму, хто б трапiў у падобную гiсторыю. Гэтая iдыётка Нiкiшова прывалакла мяне к чорту на рогi. Забаўляецца сабе на ўцеху, а мне - мардавацца цяпер. Хоць я павiнен не лаяць Светку, а дзякаваць ёй. Тут, на турбазе, я Клаву сустрэў... Нечакана. Нечакана сярод калючага хмызняковага засiлля я ўбачыў прасвет. Не раздумваючы, кiнуўся туды.

2. Кароўская

Ды што сёння за дзень такi шалёны i незразумелы! Думала - раней упраўлюся i дахаты. Дзень нараджэння ўсё ж такi. Ды хто пра гэта думае? Адна я i помню. Нават Колька, муж, забыўся. Ад ранiцы за шкарпэткi нявымытыя лаяўся. Хай сабе, да гэтага не прывыкаць. Шторанiцы да чаго-небудзь, а знойдзе прычапiцца. Вiдаць, у яго натура такая...

Даша. Дачушка, вядома, успомнiла б, але яна ў бабулi. А потым... страшна нават успомнiць... Пошту Сашка з райцэнтра не ў пару прывёз. Пакуль разабралася - замучылася. Адных газет ды часопiсаў - цэнтнер. А лiстоў... I ўсё адна... А то з гэтымi пасылкамi замучылася. Як Лёлька ў дэкрэтны пайшла i пачалося. У вёсцы нiбы ўсе падурнелi. Адпраўляюць па ўсёй краiне. Дзе гэта вы бачылi, каб на чатырыста хат шэсцьдзесят пасылак штодзень. I на працягу тыдня запар. А дзе я столькi сургучу набяруся? Мне ж норму далi. Павылiваю на скрынкi, i пiшы прапала. I так на паўгода ўперад вымазала сургучу. Скрынкi ў мяне не купляюць, перайшлi на самаробныя. Дзед Васька iх кляпае. За шкляначку. Кулiбiн знайшоўся. А я ж з праданай скрынкi сургуч атрымлiваю. У мяне iх вунь - тры дзесяткi. Як стаялi ў куце, так i стаяць.



5 из 29