
Мацi ня мела на яго нiякага ўплыву, затое вялiкую пашану й увагу дарыў ён Адэле. Прыборка ў пакоi была для яго вялiкай i iстотнай цэрэмонiяй, ён нiколi не ўпускаў выпадку прысутнiчаць на ёй, з сумесьсю сполаху й азнобам сласноты назiраць за ўсiмi Адэленымi манiпуляцыямi. Усiм ейным дзеяньням ён прыпiсываў глыбейшыя, сымбалiчныя значэньнi. Калi дзяўчына маладымi й сьмелымi рухамi шаркала даўгой швабраю па падлозе, гэта было вышэй ягоных сiлаў. З ягоных вачэй у той час лiлiся сьлёзы, твар крывiўся ад цiхага сьмеху, а цела сатрасаў раскошны спазм аргазму. Яго ўражлiвасьць да шчакоткi даходзiла да вар'яцтва. Варта было, каб Адэля скiравала да яго палец, рухам, якi азначаў шчакатаньне, i ён ў дзiкiм сполаху ўцякаў праз усе пакоi, захлопываючы за сабою дзьверы, каб нарэшце ў апошнiм упасьцi жыватом на ложак i зьвiвацца ў канвульсiях сьмеху пад уражаньнем самой ўяўляемай карцiны, зь якой ня мог суладаць. Дзякуючы гэтаму Адэля мела над бацькам ўладу, бадай, неабмежаваную.
У той час мы ўпершыню заўважылi ў бацькi зацiкаўленьне да жывёлаў. Напачатку гэта было зацiкаўленьне паляўнiчага й мастака адначасова, можа была таксама глыбейшая, заалягiчная сiмпатыя гада да адзiнакроўных i такiх адметных формаў жыцьця, эксперыментаваньне ў невыпрабаваных рэестрах быцьця. Толькi ў пазьнейшай фазе справа атрымала той несамавiты, блытаны, глыбока грэшны i працiўны прыродзе абарот, якi лепей не выцягваць на сьвет Б-жы.
Пачалося ўсё з высiжваньня птушыных яек.
Коштам вялiкiх высiлкаў i грошай бацька выпiсваў з Гамбургу, з Галяндыi, з афрыканскiх заалягiчных станцыяў апладнёныя птушыныя яйкi, якi даваў для высiжываньня грамадным бельгiйскiм курам.
