Была та працэдура надта займальная й для мяне - то праклёўваньне птушанятаў, сапраўдных монстраў з выгляду й афарбоўкi. Немагчыма было ўгададаць у тых пачварах з аргамаднымi, фантастычнымi дзюбамi, якiя адразу ж пасьля нараджэньня разявалiся шырока, шыпелi прагнымi прорвамi глотак, у тых яшчурах з хiлымi голымi целамi гарбунцоў - будучых паваў, фазанаў, глухароў ды кондараў. Памяшчаныя ў кошыках, у ваце, гэты смачынае атродзьдзе падносiў на цяжкiх шыях сьляпыя, зарослыя белаю плеўкаю галовы, безгалоса каркалi нямымi глоткамi. Мой бацька хадзiў уздоўж палiцаў у зялёным хвартуку, як садоўнiк уздоўж парнiкоў з кактусамi, i выводзiў зь нябыцьця тыя сьляпыя пульхiры, пульсуючыя жыцьцём, тыя нязграбныя брухi, што прыймаюць навакольны сьвет у форме ежы, гэтыя наросты жыцьця, што навобмацак прарываюцца да сьвятла. Праз пару тыдняў, калi тыя сьляпыя почкi жыцьця лопалiся дзеля сьвятла, пакоi поўнiлiся каляровым гоманам, мiгатлiвым шчэбетам новых жыхароў. Яны абсядалi карнiцы фiранак ды шафы. гнязьдзiлiся ў гушчары алавяных развiлак i завiтушак шматгалiнных вiсячых лямпаў.

Калi бацька вывучаў орнiталягiчныя атлясы i гартаў каляровыя таблiцы, здавалася, што вылятаюць зь iх пярнатыя прывiды, i напаўняюць пакой каляровым трапятаньнем, ласкутамi пурпуру, клакамi лазуру, меднае зелялiны ды срэбра. Пад час кармёжкi яны ўтваралi на падлозе стракатыя, шаволючыеся градкi, жывы дыван, каторы, варта было каму-небудзь непрыкметна ўвайсьцi, распадаўся, разлятаўся ў каляровыя кветкi, якiя трапяталi ў паветры, каб ўрэшце асесьцi ў верхняй частцы пакоя. Асаблiва мне запоўнiўся адзiн кондар, аграмадны птах з голай шыяй, з маршчынiстым, у шчодрых наростах, тварам. Гэта быў худы аскет, будыскi лама, поўны непахiснай годасьцi, што кiраваўся жалезным церыманiялам свайго вялiкага роду. Калi сядзеў насупраць бацькi, нерухомы ў сваёй манументальнай пазыцыi векавечных эгiпецкiх бостваў, з вокам зацягнутым белаватым бельмам, якое насоўваў ён збоку на зрэнку, каб цалкам замкнуцца ў сузiраньнi сваёй годнай самоты - кондар са сваiм каменным профiлем здаваўся старэйшым братам майго бацькi.



3 из 5