- Галюцынацыi?

- Не. Гэта - рэальна. Не... атакуй. Памятай.

- Што ты кажаш?! - азваўся я не сваiм голасам.

- Мы не на Зямлi.

- Палiтэрыi? Але ж яны наогул не падобныя на людзей! - усклiкнуў я.

Я не ведаў, што рабiць, каб вывесцi яго з таго стану, у якiм ён знаходзiўся i ад якога стыла кроў у жылах.

- Iменна таму гэта так страшна, - прамовiў ён цiха. - Памятай: будзь асцярожны!

- Што сталася з Гiбарыянам?

Снаўт не адказаў.

- Што робiць Сарторыус?

- Прыходзь праз гадзiну.

Я павярнуўся i выйшаў. Адчыняючы дзверы, паглядзеў на яго яшчэ раз. Ён сядзеў, скурчыўшыся, закрыўшы твар рукамi, маленькi, у заплямленых штанах. Я толькi цяпер заўважыў, што на костачках яго пальцаў запяклася кроў.

САЛЯРЫСТЫ

Цылiндрычны тунель быў пусты. Хвiлiну я пастаяў перад зачыненымi дзвярыма, прыслухоўваючыся. Сцены, вiдаць, былi тонкiя, звонку чулася скавытанне ветру. На дзвярах быў трохi коса i нядбала прылеплены прамавугольны кавалак пластыру з алоўкавым надпiсам: "Чалавек". Я пазiраў на гэтае невыразна накрэмзанае слова. Праз хвiлiну мне захацелася вярнуцца да Снаўта, але я зразумеў, што гэта немажлiва.

Вар'яцкае папярэджанне яшчэ гучала ў маiх вушах. Я паварушыўся i адчуў на плячах надакучлiвы цяжар скафандра. Цiха, нiбы хаваючыся ад нябачнага назiральнiка, я вярнуўся ў круглае памяшканне з пяццю дзвярыма. На iх былi таблiчкi: "Д-р Гiбарыян", "Д-р Снаўт", "Д-р Сарторыус". На чацвёртых дзвярах таблiчкi не было. Я завагаўся, але ўсё-ткi нацiснуў на клямку i цiха адчынiў дзверы. Калi яны адчынiлiся, мне здалося, што там нехта ёсць. Я ўвайшоў.

Нiкога не было. Такi ж самы, толькi крыху меншы, выпуклы iлюмiнатар, нацэлены на Акiян, якi тут - пад сонцам - тлуста iльснiўся, нiбыта з хваляў сплываў чырвоны алiўкавы алей. Пурпуровы водблiск запаўняў увесь пакой, падобны на карабельную каюту. З аднаго боку стаялi палiцы з кнiгамi, памiж iмi вертыкальна да сцяны быў замацаваны адкiдны ложак на карданах, з другога было поўна шкапчыкаў, памiж якiмi ў нiкеляваных рамках, звязаных пасамi, вiселi касмiчныя здымкi, на металiчных штатывах стаялi колбы i прабiркi, пазатыканыя ватай, пад акном двума радамi стаялi белыя эмаляваныя скрынi, мiж якiмi цяжка было прайсцi.



10 из 186