
- Калi?
- Сёння на свiтаннi.
Дзiўна, але я не адчуў трывогi. Гэтая кароткая перамова аднаскладовымi пытаннямi i адпаведнымi адказамi супакоiла мяне сваёй прадметнасцю. Мне здалося, што я разумею яго дзiўныя паводзiны.
- Як гэта адбылося?
- Пераапранiся, уладкуй свае рэчы i вяртайся сюды... скажам... праз гадзiну.
Хвiлiну я вагаўся.
- Добра.
- Пачакай, - прамовiў ён, калi я накiраваўся да дзвярэй.
Ён пазiраў на мяне неяк дзiўна. Я бачыў, што ён не можа вымавiць тое, што яго хвалюе.
- Нас было трое, i цяпер, разам з табой, нас зноў трое. Ты ведаеш Сарторыуса?
- Як i цябе, па фотаздымку.
- Ён наверсе ў лабараторыi, i я не думаю, што ён да ночы выйдзе адтуль, але... ва ўсякiм разе ты яго пазнаеш. Калi ты ўбачыш каго-небудзь яшчэ, разумееш, не мяне i не Сарторыуса, разумееш, дык...
- Дык што?
Я не ўпэўнены, што гэта не сон. На фоне чорных хваляў, якiя крывава iльсняцца пад промнямi нiзкага сонца, ён усеўся ў крэсла, як i раней, з апушчанай галавой, i пазiраў убок, на шпулi навiтага кабелю.
- То... нiчога не рабi.
- Каго я магу ўбачыць? Прывiд?! - раззлаваўся я.
- Разумею. Ты думаеш, што я звар'яцеў. Не. Не звар'яцеў. Я не магу табе гэта растлумачыць... пакуль што. Зрэшты, магчыма... нiчога i не здарыцца. Ва ўсякiм разе памятай. Я цябе папярэдзiў.
- Аб чым?! Што ты гаворыш?
- Трымай сябе ў руках, - Снаўт упарта даводзiў сваё. - Паводзь сябе так, нiбыта... Будзь гатовы да ўсяго. Гэта немажлiва, я ведаю. Але ты ўсё-ткi паспрабуй. Гэта адзiная парада. Iншай я не ведаю.
- Але ШТО я ўбачу!!! - я амаль крычаў. Я ледзьве стрымлiваўся, каб не схапiць яго за каўнер i не страсянуць як след. Я не мог глядзець, як ён сядзiць, уперыўшыся вачыма ў кут, са спакутаваным, спаленым на сонцы тварам i з цяжкасцю выцiскае з сябе слова за словам.
- Я не ведаю. У пэўным сэнсе гэта залежыць ад цябе.
