Iх агульная плошча не раўнялася тэрыторыi Эўропы, хоць дыяметр Салярыс быў на дваццаць адсоткаў большы, чым Зямлi. Гэтыя бязладна параскiданыя астраўкi скалiстай i пустыннай сушы тоўпiлiся галоўным чынам у паўднёвым паўшар'i. Быў вывучаны таксама састаў атмасферы, пазбаўленай кiслароду, i надзвычай пiльна замерана шчыльнасць планеты, а таксама яе асветленасць i iншыя астранамiчныя характарыстыкi. Як i чакалася, не ўдалося знайсцi нiякiх слядоў жыцця нi на сушы, нi ў Акiяне.

На працягу наступных дзесяцi гадоў Салярыс, якая ўжо знаходзiлася ў цэнтры ўвагi ўсiх абсерваторый гэтага рэгiёна, выяўляла настойлiвую тэндэнцыю да захавання сваёй, без усялякага сумнення, гравiтацыйна нетрывалай арбiты. Праз нейкi час справа запахла скандалам, калi вiну за гэтыя вынiкi назiранняў паспрабавалi звалiць (у клопаце пра навуку) то на пэўных людзей, то на вылiчальныя машыны, якiмi гэтыя людзi карысталiся.

З-за адсутнасцi сродкаў навуковая салярыстычная экспедыцыя затрымалася яшчэ на тры гады, аж да таго часу, пакуль Шанаган, скамплектаваўшы экiпаж, не атрымаў ад Iнстытута тры караблi танажу С, касмадромнага класа. За паўтара года да з'яўлення экспедыцыi, якая стартавала ў раёне Альфы Вадалея, другi даследчы флот вывеў, па даручэннi Iнстытута, на ваколсалярысную арбiту аўтаматычны Сатэлоiд - Месяц 247. Гэты Сатэлоiд пасля трох чарговых рэканструкцый, якiя падзялялi дзесяцiгоддзi, працуе да сённяшняга дня. Звесткi, якiя ён сабраў, канчаткова пацвердзiлi назiраннi экспедыцый Атэншэльда пра актыўны характар руху Акiяна.

Адзiн карабель Шанагана застаўся на высокай арбiце, а два iншыя пасля папярэдняй падрыхтоўкi зрабiлi пасадку на скалiстым ускрайку сушы, якi займаў каля шасцiсот квадратных мiль, ля паўднёвага полюса Салярыс. Праца экспедыцыi скончылася праз васемнаццаць месяцаў i была ў цэлым паспяховая, калi не лiчыць аднаго няшчаснага выпадку з-за непаладкаў апаратуры. Аднак у стане навукоўцаў, што ўваходзiлi ў экспедыцыю, адбыўся падзел на два варожыя лагеры.



15 из 186