Прадметам спрэчкi стаў Акiян. На падставе аналiзу яго палiчылi арганiчным утварэннем (назваць яго жывым тады яшчэ нiхто не пасмеў). Аднак калi бiёлагi бачылi ў iм прымiтыўнае ўтварэнне - нешта накшталт вялiзнага суклецця, а дакладней, адну, дзiвосна выраслую вадкую клетку (яны называлi гэта "дабiялагiчнай фармацыяй"), што абгортвала ўсю планету сцюдзянiстым покрывам, якое дзе-нiдзе дасягала некалькi мiль, - то астраномы i фiзiкi сцвярджалi, што гэта павiнна быць надзвычай высокаарганiзаваная структура; па складанасцi будовы яна, магчыма, пераўзыходзiла зямныя арганiзмы, бо магла актыўна ўплываць на фармаванне планетнай арбiты. Нiякай iншай прычыны паводзiн Салярыс знайсцi не ўдалося, акрамя таго, планетолагi выявiлi сувязь памiж некаторымi працэсамi ў плазматычным Акiяне i мясцовым гравiтацыйным патэнцыялам, якi мяняўся ў залежнасцi ад акiяннага "абмену рэчываў".

Так фiзiкi, а не бiёлагi, прапанавалi парадаксальную фармулёўку "плазматычная машына", разумеючы пад гэтым утварэнне ў нашым значэннi, магчыма, i не жывое, але здольнае да мэтанакiраваных дзеянняў - адразу дадамо - у астранамiчным маштабе.

У гэтай спрэчцы, якая за некалькi тыдняў, як вiр, уцягнула ўсе сама знакамiтыя аўтарытэты, упершыню за восемдзесят гадоў захiсталася дактрына Гамава - Шэплi.

Нейкi час яе спрабавалi яшчэ баранiць, даказваючы, што Акiян не мае нiчога агульнага з жывой матэрыяй, што ён з'яўляецца нават не "па-за" або "дабiялагiчным" утварэннем, а толькi геалагiчнай фармацыяй, вядома, нязвыклай, але здольнай стабiлiзаваць арбiту Салярыс з дапамогай змены сiл прыцягнення; абаронцы спасылалiся пры гэтым на прынцып Ле-Шатэлье.

Насуперак гэтай кансерватыўнай думцы з'яўлялiся гiпотэзы, якiя абвяшчалi адна з найбольш распрацаваных гiпотэза Чывiта - Вiта, - што Акiян уяўляе прадукт дыялектычнага развiцця: ад сваёй першапачатковай формы - ад праакiяна, раствору лянiва рэагуючых хiмiчных рэчываў, ён здолеў пад нацiскам неспрыяльных умоў (гэта значыць пагрозлiвых для яго iснавання змяненняў арбiты) перайсцi, iгнаруючы ўсе зямныя ступенi развiцця - з'яўленне адна- i шматклеткавых арганiзмаў, раслiнную i жывёльную эвалюцыi, iгнаруючы ўтварэнне нервовай сiстэмы i мозгу - адразу пераскочыць у стадыю "гомеастатычнага Акiяна".



16 из 186