Усё яшчэ не было вiдно гарызонту. Я падаў, зусiм гэтага не адчуваючы; цела маё паступова залiвала гарачыня. Звонку пачуўся не надта гучны, пранiзлiвы вiск - нiбыта па мокрым шкле драпалi металам. Калi б не лiчбы, што выскоквалi на табло, я нават не меў бы ўяўлення пра iмклiвасць падзення. Зоркi ўжо знiклi. Назiральнае акно свяцiлася рыжым святлом. Я адчуваў гулкiя ўдары пульсу, твар гарэў, па шыi гулялi халодныя павевы кандыцыянера; я пашкадаваў, што не ўдалося зiрнуць на "Праметэй" - калi аўтаматы адчынiлi назiральнае акно, ён знаходзiўся ўжо за мяжой бачнасцi.

Капсула здрыганулася, пасля яшчэ, яе корпус моцна завiбраваў, гэтая нязносная дрыготка пранiзала ўсе iзаляцыйныя абалонкi, паветраныя падушкi i пранiкла ў глыбiню майго цела - зеленаваты контур табло расплыўся. Але страху я не адчуваў. Не дзеля таго прыляцеў я з гэткай далечынi, каб загiнуць ля самай цэлi.

- Станцыя Салярыс, - прамовiў я. - Станцыя Салярыс, Станцыя Салярыс! Зрабiце што-небудзь. Здаецца, я губляю стабiлiзацыю. Станцыя Салярыс, я прышэлец. Прыём.

I зноў я прамаргаў важны момант - з'яўленне планеты. Яна раптоўна распасцерлася перада мной - вялiзная i пляскатая; па памерах палос на яе паверхнi я вызначыў, што знаходжуся яшчэ далекавата. А дакладней - высакавата, бо мiнуў ужо тую нябачную мяжу, пасля якой адлегласць да нябеснага цела становiцца вышынёй. Я падаў. Iмклiва падаў. Адчуваў гэта нават з заплюшчанымi вачыма. Але я адразу ж iх расплюшчваў, бо хацеў убачыць як мага больш.

Трошкi перачакаў i зноў паўтарыў выклiк. I на гэты раз не атрымаў адказу. У слухаўках залпамi паўтараўся трэск атмасферных разрадаў. Iх суправаджаў шум, такi глыбокi i нiзкi, нiбыта гэта быў голас самой планеты. Аранжавае неба ў назiральным акне зацягнулася бяльмом. Шкло стала цёмным; я мiжволi скурчыўся, абмежаваны пнеўматычнымi бандажамi, але ў наступную ж хвiлю зразумеў, што гэта хмары. Быццам здзьмухнутая ветрам, купка iх паляцела ўгору. Я шыбаваў далей, то на сонцы, то хаваючыся ў цень, капсула круцiлася вакол вертыкальнай восi, i вялiзны, нiбы распухлы, сонечны дыск мерна праплываў перед маiм тварам, з'яўляючыся з левага боку i адыходзячы ўправа. Раптоўна праз шум i трэск проста ў маё вуха ўварваўся далёкi голас:



2 из 186