- Прышэлец, я - Станцыя Салярыс. Прышэлец, я - Станцыя Салярыс. Усё ў парадку. Вы пад кантролем Станцыi. Прышэлец, я - Станцыя Салярыс. Падрыхтуйцеся да пасадкi ў момант нуль, паўтараю, падрыхтуйцеся да пасадкi ў момант нуль, увага, пачынаю. Дзвесце пяцьдзесят, дзвесце сорак дзевяць, дзвесце сорак восем...

Словы былi падзелены мiж сабою рэзкiмi пiскамi - сведчанне таго, што гаворыць не чалавек. Я здзiвiўся. Звычайна ўсе, хто жывы, бягуць на пасадачную пляцоўку, калi прылятае нехта новы, асаблiва з Зямлi. Але я не меў часу разважаць над гэтым, бо вялiзны круг, якi ўтварыла вакол мяне сонца, раптоўна стаў на дыбкi разам з раўнiнай, што ляцела мне насустрач; пасля капсула нахiлiлася ў супрацьлеглы бок; я хiстаўся, як дыск вялiзнага маятнiка, змагаючыся з галавакружэннем; на ўздыбленай, як сцяна, паверхнi планеты, ссечанай брудна-лiловымi i чарнаватымi палосамi, я заўважыў невялiкую шахматку з белых i зялёных кропак - арыентацыйны знак Станцыi. I адразу ж штосьцi з трэскам адарвалася ад вяршынi капсулы - доўгi ашыйнiк тармазнога парашута, якi гучна зафыркаў; гэты гук нагадваў штосьцi невыказна зямное - першы за гэтулькi месяцаў шум сапраўднага ветру.

Усё адбылося надзвычай хутка. Раней я толькi ведаў, што падаю. Зараз я гэта ўбачыў. Бела-зялёная шахматка iмклiва павялiчвалася, я заўважыў, што яна намалявана на прадаўгаватым, падобным на кiта, серабрыста-iльсняным корпусе, па баках якога вытыркаюцца iголкi радарных антэн. Галерэi аконных праёмаў былi цёмныя. Я адзначыў, што гэты металiчны гiгант не ляжыць на паверхнi планеты, а вiсiць над ёй, цягнучы на чарнiльна-чорным фоне свой цень - элiптычную цёмную пляму яшчэ большай чарнаты. Адначасова я заўважыў ахiнутыя фiялетавым туманам хвалi-барозны Акiяна, якiя марудна вагалiся, затым хмары рванулiся высока ўгору, ахопленыя па берагах асляпляльным пурпурам, неба памiж iмi стала далёкiм i пляскатым, бура-аранжавым, i ўсё гэта раптам страцiла абрысы: я ўваходзiў у штопар.



3 из 186