- праўда, ён дзейнiчае iнакш, чым уяўляюць сабе людзi; ён не будуе нi мастоў, нi гарадоў, нi лятальных апаратаў, не спрабуе нi перамагчы, нi пераадолець прастору (тыя, хто любой цаной iмкнуўся даказаць перавагу чалавека, бачылi ў гэтым нашу бязмежную перавагу), ён заняты тысячаразовымi пераўтварэннямi - "анталагiчным аўтаметамарфозам"; вучоных тэрмiнаў не бракавала на старонках салярыстычных прац! Аднак жа, з другога боку, чалавеку, якi пачне скрупулёзна вывучаць усе мажлiвыя звесткi пра Салярыс, цяжка пазбавiцца ад уражання, што перад iм толькi рэшткi iнтэлектуальных збудаванняў, магчыма, i генiяльных, але без ладу i складу змешаных з пладамi глупства, якое знаходзiлася ўжо на мяжы вар'яцтва. Таму насуперак канцэпцыi "Акiяна-ёга" з'явiлася тэорыя "Акiяна-дэбiла".

Гэтыя гiпотэзы зноў ажывiлi адну са старажытных фiласофскiх праблем узаемаадносiны матэрыi i духу, свядомасцi. Таму, хто першы, як Дзю-Гарт, надзялiў Акiян свядомасцю, патрабавалася нямала адвагi. Праблема, якую адразу ж прызналi метафiзiчнай, прысутнiчала амаль на ўсiх дыскусiях i спрэчках. Цi магчыма мысленне без свядомасцi? Але цi можна назваць працэсы, што адбываюцца ў Акiяне, мысленнем? Цi справядлiва, што гара - гэта вельмi вялiкi камень? А планета - гэта вялiзная гара? Можна ўжываць i гэтыя тэрмiны, аднак новая шкала велiчынь выводзiць на сцэну новыя заканамернасцi i новыя з'явы.

Гэтая праблема стала квадратурай круга нашага часу. Кожны самастойны вучоны iмкнуўся ўнесцi ў скарбонку салярыстыкi свой уклад; з'явiлася шмат тэорый, якiя даводзiлi, што мы маем прадукт дэгенерацыi, рэгрэсу, якi пачаўся пасля фазы "iнтэлектуальнага росквiту" Акiяна, iншыя пераконвалi, што Акiян гэта глеевы наватвор, якi нарадзiўся ў целе ранейшых насельнiкаў планеты i паеў iх усiх, праглынуў, спёкшы рэшткi ў вечную пазаклеткавую стыхiю, якая здольная да самаамаладжэння.

Пад белым, падобным на зямное, святлом лямпаў я прыняў са стала прыборы i кнiгi, якiя на iм ляжалi, расклаў на пластыкавай дошцы мапу Салярыс i, абапiраючыся рукамi на металiчную акантоўку стала, пачаў узiрацца ў яе.



22 из 186