- Праўда?

Ён павярнуўся i зiрнуў на мяне нiбыта шалёны. Не магу сцвярджаць, што я знарок стараўся вывесцi яго з раўнавагi, але нiчога не разумеючы ў гульнi, якая тут распачалася, я мусiў быць стрыманым. Пад каўняром яго чорнага свiтэра рухаўся востры кадык.

- Ты быў у Гiбарыяна, - прамовiў Снаўт нечакана.

Гэта не прагучала запытаннем. Я ўзняў бровы i спакойна пазiраў у яго твар.

- Ты быў у яго пакоi, - паўтарыў ён.

Я кiўнуў, нiбыта згаджаючыся: "Дапусцiм. Ну i што?"

Я хацеў, каб ён працягваў.

- Хто там быў? - спытаўся Снаўт.

Ён ведаў пра яе!!!

- Нiкога. А хто там мог быць? - спытаўся я.

- Тады чаму ты мяне не пусцiў?

Я ўсмiхнуўся.

- Спалохаўся. Ты ж мяне папярэджваў. Калi клямка зрушылася, я iнстынктыўна прытрымаў яе. Чаму ты не сказаў, што гэта ты? Цябе я пусцiў бы.

- Я думаў, што там Сарторыус, - прамовiў ён няпэўна.

- Ну i што?

- Як ты лiчыш... што там сталася? - адказаў ён пытаннем на пытанне.

Я вагаўся.

- Ты павiнен ведаць лепш за мяне. Дзе ён?

- У халадзiльнiку, - адразу растлумачыў Снаўт. - Мы перанеслi яго ранкам, адразу ж... таму што гарачыня.

- Дзе ты яго знайшоў?

- У шафе.

- У шафе? Ён быў ужо нежывы?

- Сэрца яшчэ стукала, але ён ужо не дыхаў. Гэта была агонiя.

- Ты спрабаваў яго ўратаваць?

- Не.

- Чаму?

Ён памарудзiў.

- Я не паспеў. Ён памёр раней, чым я яго паклаў.

- Ён стаяў у шафе? Памiж камбiнезонамi?

- Так.

Снаўт падышоў да невялiкага пiсьмовага стала ў куце, узяў там лiсток паперы i паклаў яго перада мной.

- Я напiсаў папярэднi акт, - прамовiў ён. - Добра, што ты агледзеў пакой. Прычына смерцi... смяротная доза пернасталу. Там напiсана.

Я вачыма прабег кароткi тэкст.

- Самазабойства... - паўтарыў я цiха. - А прычына?..

- Нервовае ўзрушэнне... дэпрэсiя... альбо як гэта там называецца. Ты ведаеш гэта лепш, чым я.



30 из 186