На скулах Снаўта выступiлi чырвоныя жылкi. Ён быў зараз у чорным вялiкiм паношаным свiтэры.

- Што з табой? - спытаўся Снаўт.

- Нiчога. А што можа быць?

- Ты спацеў.

Я рукой выцер лоб. Сапраўды, я аблiваўся потам; гэта, вiдаць, была рэакцыя на ранейшыя ўражаннi. Снаўт пазiраў на мяне. Мо расказаць яму? Я хацеў, каб Снаўт аказаў мне найбольш спрыяння. Хто, супраць каго i якую вёў тут гульню?

- Горача, - прамовiў я. - Я думаў, што клiматызатары ў вас працуюць лепей.

- Праз гадзiну будзе нармальна. А ты ўпэўнены, што ўспацеў толькi ад гарачынi? - Ён пiльна зiрнуў на мяне.

Я старанна жаваў, не выдаючы, што прыкмецiў яго позiрк.

- Што ты думаеш рабiць? - нарэшце спытаўся Снаўт, калi мы закончылi есцi.

Ён кiнуў увесь посуд i пустыя бляшанкi ва ўмывальнiк ля сцяны i зноў сеў у крэсла.

- Далучаюся да вас, - адказаў я флегматычна. - Вы ж маеце нейкi план даследаванняў? Нейкi новы раздражняльнiк, здаецца, рэнтген цi яшчэ нешта.

- Рэнтген? - здзiвiўся Снаўт. - Дзе ты гэта чуў?

- Не помню. Мне нехта сказаў. Мо на "Праметэi". А што? Вы яго ўжо скарыстоўваеце?

- Я не ведаю дэталяў. Гэта была iдэя Гiбарыяна. Ён распачаў разам з Сарторыусам. Але адкуль ты пра гэта ведаеш?

Я пацiснуў плячыма.

- Не ведаеш дэталяў? Ты мусiш быць пад час доследаў, гэта ж уваходзiць у твае абавязкi. - Я не дагаварыў.

Снаўт маўчаў. Пiск кандыцыянера сцiх. Тэмпература была нармальная. У паветры вiсеў толькi несцiханы высокi гук, якi нагадваў мармытанне канаючай мухi. Снаўт устаў, падышоў да пульта кiравання i пачаў бяссэнсава пстрыкаць выключальнiкамi - галоўны рубiльнiк быў адключаны. Праз нейкi час ён прамовiў, не паварочваючы галавы:

- Трэба будзе ў сувязi з гэтым выканаць усе фармальнасцi... ведаеш...



29 из 186