
- Хто гэта быў? - спытаўся я.
Гэтыя словы крыху супакоiлi яго. Але ён пазiраў на мяне так, нiбыта яшчэ не давяраў мне. Я зразумеў, што зрабiў фальшывы крок i што ён не адкажа мне.
Снаўт паволi ўсеўся ў крэсла i сцiснуў галаву рукамi.
- Што тут адбываецца... - прамовiў ён цiха. - Бязглуздзiца...
- Хто гэта быў? - паўтарыў я.
- Калi ты не ведаеш, - прамармытаў ён.
- Дык што?
- Дык нiчога.
- Снаўт, - прамовiў я, - мы ж далёка ад дому. Давай гуляць адкрыта. Усё i так заблытана.
- Што ты хочаш?
- Я хачу, каб ты сказаў, каго ты бачыў.
- А ты?.. - падазрона прамовiў ён.
- Снаўт, ты ходзiш па кругу. Я табе скажу, але i ты мне скажы. Можаш не хвалявацца, я не буду лiчыць цябе вар'ятам, бо ведаю...
- Вар'ятам! О Божухна! - Ён паспрабаваў засмяяцца. - Мой ты чалавеча, але ж ты нiчога, зусiм нiчога... бо вар'яцтва было б выратаваннем. Калi б ён хоць на iмгненне паверыў, што з'ехаў з глузду, ён не зрабiў бы гэтага, ён быў бы жывы...
- Значыць, ты схлусiў, калi напiсаў у акце пра нервовую ўзбуджанасць?
- Вядома!
- Чаму ты не напiшаш праўду?
- Чаму? - перапытаў ён.
Запанавала маўчанне. Я зноў зайшоў у тупiк, я зноў нiчога не разумеў, а праз хвiлiну мне здалося, што я здолею пераканаць яго i мы сумесна паспрабуем адгадаць загадку. Чаму, чаму ён не хоча гаварыць?!
- Дзе робаты? - азваўся я.
- На складах. Мы замкнулi ўсiх, за выключэннем тых, якiя абслугоўваюць касмадром.
- Навошта?
Ён не адказаў.
- Ты не скажаш?
- Я не магу.
Тут было штосьцi такое, чаго я нiяк не разумеў. А мо падняцца да Сарторыуса? Раптам я ўспомнiў запiску, i яна падалася мне на гэты момант сама важнай справай.
