
- Як ты ўяўляеш нашу далейшую працу ў такiх абставiнах? - спытаўся я.
Снаўт пагардлiва пацiснуў плячыма:
- Якое гэта мае значэнне?
- Ах, так? Што ж ты будзеш рабiць?
Снаўт маўчаў. Недзе ў далёкай цiшынi зашлёпалi босыя ногi. Пасярод нiкелю i пластыку, высокiх шафаў з электроннай апаратурай, шкла, дакладных прыбораў гэтае шлёпанне гучала як няўдалы жарт нейкага пустадомка. Крокi наблiжалiся. Я ўстаў i напружана сачыў за Снаўтам. Ён услухоўваўся, прымружыўшы вочы, але не падаваў прыкмет страху. Выходзiць, ён баяўся не яе?
- Адкуль яна з'явiлася? - спытаўся я. I на яго маўчанне дадаў: - Ты не хочаш сказаць?
- Я не ведаю.
- Добра.
Крокi аддалiлiся i сцiхлi.
- Ты не верыш мне? - прамовiў Снаўт. - Даю табе слова, што не ведаю.
Я моўчкi адчынiў шафу са скафандрамi i пачаў рассоўваць цяжкiя пустыя абалонкi. Як я i меркаваў, углыбiнi, на круках, вiселi газавыя пiсталеты для палёту ў прасторы без гравiтацыi. Вядома, гэта не зброя, але газавы пiсталет лепш, чым нiчога. Я праверыў зарад i павесiў пiсталет у футарале цераз плячо. Снаўт уважлiва назiраў за мной. Калi я падбiраў даўжыню раменьчыка, ён з'едлiва ўсмiхнуўся, паказаўшы жоўтыя зубы.
- Удалага палявання! - прамовiў ён.
- Дзякуй табе за ўсё, - сказаў я i накiраваўся да дзвярэй.
Ён ускочыў з крэсла:
- Кельвiн!
Я зiрнуў на яго. Ён ужо не ўсмiхаўся. Бадай што нiколi я не бачыў такога спакутаванага твару.
- Кельвiн, гэта не... Я... я... сапраўды не магу, - мармытаў Снаўт.
Я чакаў, цi скажа ён што-небудзь яшчэ, але ён толькi мыляў губамi, нiбыта хацеў з iх нешта выцiснуць.
Я павярнуўся i моўчкi выйшаў.
САРТОРЫУС
Калiдор быў пусты. Напачатку ён вёў прама, а пасля збочваў управа. Я нiколi не быў на Станцыi, але пад час падрыхтоўкi правёў шэсць тыдняў у яе дакладнай копii, якая знаходзiцца ў Iнстытуце, на Зямлi. Я ведаў, куды вядзе алюмiнiевы трап.
