- Прашу... вас... адысцiся... - прастагнаў ён раптам дзiўным пiсклявым голасам. - Прашу вас... Хрыстом Богам прашу... iдзiце... iдзiце ўнiз... я прыйду, прыйду i зраблю ўсё, што вы захочаце, толькi iдзiце!!!

У яго голасе было столькi пакуты, што я мiжволi падняў руку, каб дапамагчы яму ўтрымаць дзверы, бо гэта было для яго найважнейшым. Але тады ён нема закрычаў, нiбыта я замахнуўся на яго нажом. Я пачаў адступацца, а ён усё крычаў фальцэтам: "Iдзi! Iдзi!" - i пасля: "Я хутка вярнуся! Хутка вярнуся! Ужо вяртаюся!!! Не! Не!!!"

Ён прачынiў дзверы i кiнуўся ў лабараторыю. Мне здалося, што на ўзроўнi яго грудзей мiльганула нешта залацiстае, нейкi блiскучы дыск, з лабараторыi чуўся глухi шум. Штора адляцела ўбок, высокi цень мiльгануў на шкляным экране, штора вярнулася на ранейшае месца, i больш нiчога не было вiдаць. Што там адбываецца?! Затупалi ногi, зазвiнела разбiтае шкло, шалёная беганiна спынiлася, i я пачуў гучны дзiцячы смех...

Мае ногi трымцелi; я круцiў галавой ва ўсе бакi. Усё сцiхла. Я ўсеўся на нiзкi пластыкавы падаконнiк. Сядзеў хвiлiн пятнаццаць. Не ведаю, цi я чакаў каго, цi проста ад хвалявання не хацелася нават уставаць. Галава мая аж трашчала. Дзесьцi ўгары нешта працяжна заскрыгатала, i адначасова стала святлей.

З майго месца была вiдаць толькi частка калiдора, якi iшоў вакол лабараторыi. Лабараторыя знаходзiлася на сама верхнiм ярусе Станцыi, проста пад абшыўкай, таму сцены калiдора былi ўвагнутыя i нахiльныя, iлюмiнатары, размешчаныя праз некалькi метраў адзiн ад аднаго, нагадвалi амбразуры; вонкавыя засланкi на iх у гэты час падымалiся. Блакiтны дзень заканчваўся. Праз тоўстае шкло выбухнула слiпучае ззянне. Кожная нiкеляваная рэйка, кожная клямка запалымнелi, як малыя сонцы. Дзверы ў лабараторыю - гэта вялiзная плiта з непалiраванага шкла - успыхнула блакiтным полымем. Я зiрнуў на свае рукi, складзеныя на каленях, - у прывiдным святле яны здавалiся шэрымi. У правай трымаў газавы пiсталет, я нават не ведаў, калi i як выцягнуў яго з кабуры. Я паклаў яго на месца. Было зразумела, што мне не дапаможа нават атамны выкiдальнiк прамянёў, ды i навошта ён? Развалiць дзверы? Уварвацца ў лабараторыю?



40 из 186