
- Я - Кельвiн, - пачаў я. - Вы, вiдаць, чулi пра мяне. Я працую... дакладней, працаваў разам з Гiбарыянам...
Яго худы твар, увесь у вертыкальных зморшчынках, - такi выгляд павiнен мець Дон Кiхот, - нiчога не выяўляў. Чорнае выпуклае шкло настаўленых на мяне засцерагальных акуляраў нервавала мяне.
- Я даведаўся, што Гiбарыяна... ужо няма, - я ўзвысiў голас.
- Так. Працягвайце, - з нецярпеннем прамовiў ён.
- Гiбарыян скончыў самагубствам?.. Хто знайшоў цела - вы альбо Снаўт?
- Чаму вы пра гэта пытаецеся ў мяне? Хiба доктар Снаўт не сказаў вам?..
- Я хацеў пачуць, што вы можаце сказаць пра гэта...
- Вы псiхолаг, доктар Кельвiн?
- Псiхолаг. А што?
- Вучоны?
- Так. Але якое гэта мае значэнне...
- Я думаў, што вы следчы або палiцэйскi. Зараз дзве гадзiны сорак хвiлiн, а вы спрабуеце сiлай уварвацца ў маю лабараторыю. Гэта было б зразумела, калi б вы хацелi азнаёмiцца з работай, якая вядзецца на Станцыi. А вы робiце допыт, нiбыта я пад падазрэннем.
Я стрымлiваў сябе так, што аж лоб успацеў.
- Вы i ёсць пад падазрэннем, Сарторыус! - прамовiў я прыдушаным голасам.
Я з усёй сiлы хацеў закрануць яго самалюбства i таму дадаў са злосцю:
- I вы самi гэта добра разумееце!
- Калi вы не возьмеце свае словы назад i не папросiце прабачэння, у чарговай радыёграме я падам на вас скаргу, Кельвiн!
- За што прасiць у вас прабачэння? За тое, што, замест таго каб прыняць мяне i шчыра расказаць пра ўсё, што тут адбываецца, вы замыкаецеся i ладуеце барыкады ў лабараторыi?! Вы што, з глузду з'ехалi?! Хто вы? Вучоны альбо нiкчэмны баязлiвец?! Хто? Адказвайце!
Не помню, што яшчэ я крычаў, але ён нават не здрыгануўся. Па яго бледнай порыстай скуры кацiлiся буйныя кроплi поту. Раптам я зразумеў: ён наогул мяне не слухае! З усяе сiлы ён абедзвюма рукамi за спiнай стараўся трымаць дзверы, якiя ледзь прыкметна дрыжалi - на iх нацiскалi з другога боку.
